Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Тэсаланікійцаў 1 1-е пасланне да Тэсаланікійцаў 1 разьдзел

Прывітанне

1 Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.
Падзяка за веру тэсаланікійцаў

2 За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у нашых малітвах,
3 няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
4 ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае.
5 Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.
6 Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога,
7 так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі.
8 Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць.
9 Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу
10 і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне да Тэсаланікійцаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019