Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Тэсаланікійцаў 5 1-е пасланне да Тэсаланікійцаў 5 разьдзел

Нечаканае прыйсце дня Пана

1 Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты,
2 бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы.
3 Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», тады неспадзяваная пагібель сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць.
4 Вы ж, браты, не ў цемры, каб гэты дзень застаў вас, як злодзей.
5 Вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры.
6 Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.
7 Тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.
8 Мы ж, якія належым дню, будзьма цвярозымі, адзеўшы панцыр веры і любові, і як шлем — надзею збаўлення.
9 Таму што Бог прызначыў нас не для гневу, але для атрымання збаўлення праз нашага Пана Езуса Хрыста,
10 які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі разам з Ім.
11 Таму заахвочвайце сябе ўзаемна і настаўляйце адзін аднаго, як вы і робіце.
Заключныя настаўленні

12 Просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе сярод вас і кіруе вамі ў Пану ды навучае вас.
13 Любіце іх больш дзеля іхняй працы. Жывіце ў згодзе між сабою.
14 Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.
15 Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім.
16 Заўсёды радуйцеся,
17 няспынна маліцеся.
18 За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце.
19 Духа не гасіце,
20 прароцтвамі не пагарджайце.
21 Усё правярайце, трымайцеся добрага.
22 Устрымлівайцеся ад усялякага зла.
Заключная малітва і прывітанні

23 Сам Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, няхай увесь дух ваш, і душа, і цела захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста.
24 Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.
25 Браты, маліцеся за нас.
26 Прывітайце ўсіх братоў святым пацалункам.
27 Прашу вас у Пану, каб гэтае пасланне было прачытана ўсім братам.
28 Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з вамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне да Тэсаланікійцаў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019