1 Пра часы і пару, браты, няма патрэбы вам пісаць,
2 бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў, як злодзей уначы, так ён прыйдзе.
3 Бо калі скажуць: «Супакой і бяспека», тады раптам прыйдзе на іх загуба, як родавыя мукі на цяжарную, і не ўцякуць.
4 Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей,
5 бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры.
6 Дык не будзем спаць, як і іншыя, але будзем чуваць і будзем цвярозымі.
7 Бо тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.
8 Мы ж, якія належым дню, будзем цвярозымі, адзетымі ў панцыр веры і любові і ў шлем надзеі збаўлення.
9 Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманне збаўлення праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
10 Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі з Ім заўсёды.
11 Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымлівайце ўзаемна, як вы і робіце.
12 Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас,
13 каб больш паважалі і любілі іх дзеля працы іх. Жывіце ў згодзе між сабою.
14 Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх.
15 Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджаць, але імкніцеся заўсёды да дабра, як адзін для аднаго, так і для ўсіх.
16 Заўжды радуйцеся,
17 несупынна маліцеся,
18 за ўсё дзякуйце; бо такая ёсць воля Божая ў Ісусе Хрысце для вас.
19 Духа не гасіце,
20 прароцтвамі не пагарджайце,
21 усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.
22 Высцерагайцеся усякага роду зла.
23 Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста.
24 Верны Той, Які паклікаў вас, Які зробіць [гэта].
25 Браты, маліцеся за нас.
26 Прывітайце ўсіх братоў пацалункам святым.
27 Заклікаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім святым братам.
28 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Тэсалонцаў, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017