1 А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,
2 бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.
3 Бо калі будуць казаць: «мір і бяспека», тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.
4 Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;
5 бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.
6 Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.
7 Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.
8 Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,
9 таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
10 Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.
11 Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.
12 Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,
13 і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.
14 Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.
15 Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.
16 Заўсёды радуйцеся.
17 Няспы́нна маліцеся.
18 За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.
19 Духа не гасíце.
20 Прароцтвамі не пагарджа́йце.
21 Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.
22 Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.
23 Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.
24 Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.
25 Браты! маліцеся за нас.
26 Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.
27 Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.
28 Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017