Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

1 да Фесаланікійцаў 4 1-е Пасланне да Фесаланікійцаў 4 разьдзел

1 Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,
2 вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса.
3 Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
4 каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд у святасці і годнасці,
5 а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога;
6 каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі.
7 Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці.
8 Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.
9 Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго;
10 бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца
11 і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
12 каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы.
13 Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
14 Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім.
15 Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых,
16 таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі;
17 потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем.
18 Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.