Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1-ы да Фесаланікійцаў 4 1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел

1 І на астатку, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як і перанялі ад нас тое, як вам трэба жыць і дагаджаць Богу, — як вы і сапраўды жывяце, — каб вы ўшчодрыліся яшчэ больш.
2 Бо вы ведаеце, якія наказы мы далі ад Госпада Ісуса.
3 Бо гэта воля Божая — ваша асвячэнне: каб вам ўстрымлівацца ад распусты;
4 каб кожны з вас умеў валодаць уласным целам у асвячэнні і годнасці;
5 а не ў запале пажадлівасці, як язычнікі, што не ведаюць Бога;
6 каб ніхто не пераступаў межаў і не ашукваў у гэтай справе свайго брата, бо Госпад — спагоніць за ўсё гэта, як мы і раней казалі вам і засведчылі.
7 Бог жа нас заклікаў не да нячыстасці, а да асвячэння.
8 Таму той, хто гэта адкідае, не чалавека адкідае, а Бога, Які і дае нам Свайго Святога Духа.
9 Аб браталюбстве ж — дык вы не маеце патрэбы, каб мне пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго;
10 бо вы і робіце гэта з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Але мы просім вас, браты, ушчодрыцца яшчэ больш
11 і рупліва імкнуцца, каб жыць ціха, і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы і загадвалі вам,
12 каб вы жылі добрапрыстойна перад тымі, хто звонку, і ні ў чым не мелі патрэбы.
13 Але мы не хочам2, каб вы, браты, былі ў няведанні пра памерлых3, каб вы не журыліся, як і астатнія, што не маюць надзеі.
14 Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, то гэтак і тых, хто ў Ісусе заснуў, Бог прывядзе з Ім.
15 Бо гэта мы вам кажам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэсця Гасподняга, ні ў якім разе не апярэдзім заснулых;
16 бо Сам Госпад пры ўладарным воклічы, пры голасе Архангела і пры трубе Божай зыдзе з неба і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі.
17 Тады мы, жывыя, якія засталіся, разам з імі будзем узятыя ў воблаках для сустрэчы з Госпадам у паветры; і так мы заўсёды будзем з Госпадам.
18 Так што суцяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.

Каментары ці зноскі:

13 2: У некат. рукап.: я не хачу.
13 3: Літаральна: пра заснулых; тое самае ў вершах 14 і 15.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Тэсалонцаў Апостала Паўла, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014