Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Тэсалонцаў 4 1-ы ліст да Тэсалонцаў 4 разьдзел

1 Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб, як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі.
2 Бо ведаеце, пэўна, якія мы вам далі пастановы ад Госпада Ісуса.
3 Бо воляй Божай ёсць асвячэнне ваша, каб высцерагаліся распусты,
4 каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане,
5 а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога;
6 каб ніхто не ўзвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўцам за ўсё гэта, як мы вам ужо казалі і сведчылі.
7 Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці.
8 Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў нам Духа Свайго Святога.
9 Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаны Богам адзін аднаго любіць.
10 Так вы і рабіце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай
11 прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,
12 ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб ні ў чым не мелі нястачы.
13 Не хачу, браты, каб вы не ведалі наконт памерлых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
14 Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім.
15 Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінуты да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паўміралі.
16 Бо Сам Госпад з загадам і пры голасе арханёла ды пры гуке трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя.
17 Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем падняты ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам.
18 Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Тэсалонцаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017