Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 да Тэсалонцаў 2 1-ы ліст да Тэсалонцаў 2 разьдзел

1 Самі ж ведаеце, браты, прыбыццё наша да вас што не бясплодным было,
2 але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зняваг у Піліпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, прапаведуючы вам Евангелле Божае ў вялікай барацьбе.
3 Бо навучанне наша не з памылкі, ані з нячыстасці, ані з якога подступу,
4 але як выпрабаваны былі мы Богам, каб даверыць нам Евангелле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
5 Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове ліслівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сведка,
6 не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, ані ў іншых,
7 хоць маглі быць у паважанні як Апосталы Хрыстовы, але сталіся мы ціхімі між вамі і, як карміцелька песціць дзяцей сваіх,
8 так і мы, спагадныя да вас, хацелі шчыра перадаць вам не толькі Евангелле Божае, але і душы нашы, бо сталіся вы нам улюбёнымі.
9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; ноччу і днём робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Евангелле Божае.
10 Сведкі вы і Бог, як свята, справядліва і без наракання абыходзіліся мы з вамі, якія ўверылі.
11 Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
12 просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, Які паклікаў вас да Валадарства Свайго і славы.
13 Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо, калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
14 Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысце Ісусе, бо і вы нацярпеліся гэтак сама ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
15 якія забілі і Госпада Ісуса, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, бо ўсім людзям супрацівяцца,
16 забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя былі збаўлены; і гэтак увесь час дапаўняюць мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а не сэрцам, тым мацней спяшаемся пабачыць вас з аблічча ў вялікім прагненні.
18 Пагэтаму хацелі мы пайсці да вас, асабліва я, Паўла, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.
19 Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасцю, або вянком славы — ці ж не вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
20 Бо вы — наша слава і радасць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Тэсалонцаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017