Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Тэсаланікійцаў 2 1-е пасланне да Тэсаланікійцаў 2 разьдзел

Місійная дзейнасць Паўла

1 Вы ж самі ведаеце, браты, што наш прыход да вас не быў дарэмны.
2 Хоць раней у Філіпах, як ведаеце, мы зазналі цярпенні і знявагі, аднак адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні.
3 Бо навучанне нашае не з памылкі, нячыстасці ці падману,
4 але як выпрабаваныя Богам дзеля даручэння нам Евангелля, мы абвяшчаем так, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае нашыя сэрцы.
5 Бо, як ведаеце, мы ніколі не былі ні ліслівымі ў словах, ні карыслівымі, Бог сведка.
6 Мы не шукалі славы ні ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых.
7 Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі,
8 так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.
9 Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае.
10 Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых.
11 Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька сваіх дзяцей,
12 мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы.
Вера і цярплівасць тэсаланікійцаў

13 Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
14 Браты, вы сталі пераймальнікамі Касцёлаў Божых у Юдэі ў Езусе Хрысце, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
15 якія і Пана Езуса забілі, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца.
16 Якія забараняюць нам прамаўляць да язычнікаў, каб тыя не былі збаўлены. І так увесь час дапаўняюць меру грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Намеры Апостала

17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час фізічна, а не сэрцам, вельмі моцна жадаем пабачыцца з вамі.
18 Таму неаднойчы хацелі пайсці да вас, асабліва я, Павел, але перашкодзіў нам сатана.
19 Бо хто наша надзея, або радасць, або вянок хвалы? Ці ж не вы перад Панам нашым Езусам у час прыйсця Ягонага?
20 Вы — нашая хвала і радасць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне да Тэсаланікійцаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019