ПРАЛОГ
1 Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас,
2 як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова,
3 вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле,
4 каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.
ДЗЯЦІНСТВА ЕЗУСА
Прадказанне нараджэння Яна Хрысціцеля
5 У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета.
6 Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана.
7 Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.
8 Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам,
9 яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння.
10 Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.
11 І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка.
12 Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго.
13 Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян.
14 Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму.
15 Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці.
16 Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога.
17 І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы».
18 Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце».
19 Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта.
20 І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
21 Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні.
22 А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
23 Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом.
24 І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы:
25 «Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».
Звеставанне нараджэння Езуса
26 У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
28 Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
29 Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
30 І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана.
31 Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.
32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага,
33 і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
34 І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?»
35 Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым.
36 Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай,
37 бо для Бога няма нічога немагчымага».
38 Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
Марыя наведвае Альжбету
39 Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды.
40 Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.
41 Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым.
42 Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго.
43 Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?
44 Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім.
45 І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».
Песня Марыі
46 І сказала Марыя:
«Велічае душа мая Пана,
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
48 бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
49 Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
50 І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
51 Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
52 Скінуў магутных з трона
і ўзвысіў пакорных.
53 Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
54 Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
55 як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі».
Нараджэнне Яна Хрысціцеля
56 Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
57 Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.
58 Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю.
59 На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем.
60 Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам».
61 Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем».
62 У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго.
63 Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся.
64 У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
65 Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта.
66 Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.
Песня Захарыі
67 А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
68 «Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
бо наведаў і адкупіў народ свой,
69 і ўзняў моц збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
70 Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў,
71 што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
72 Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых
і нагадаць пра святы запавет свой.
73 Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
дасць нам.
74 Каб, выбаўленыя з рук ворагаў,
мы без страху служылі Яму
75 ў святасці і справядлівасці перад Ім
ва ўсе дні нашыя.
76 А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму;
77 каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
праз адпушчэнне яго грахоў,
78 дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
у якой наведаў нас Усход з вышыні;
79 каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені
смяротным;
каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою».
80 А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле святога Лукі, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.