Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Лукі 21 Паводле Лукі 21 разьдзел

Лепта беднай удавы

1 Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку.
2 Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты,
3 і сказаў: «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула.
4 Бо ўсе яны кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пражытак свой, які мела».
Прадказанне збурэння святыні і знакі канца свету

5 Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
6 «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны».
7 Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?»
8 Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі.
9 Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».
10 Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства;
11 будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба.
12 Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё.
13 І будзе гэта вам на сведчанне.
14 Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца,
15 бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
16 Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць.
17 І зненавідзяць вас усе за імя Маё.
18 Але і волас з галавы вашай не прападзе.
19 Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.
Збурэнне Ерузалема

20 Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае.
21 Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць, і хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго,
22 бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае.
23 Гора ў тыя дні цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі! Бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ.
24 Палягуць ад вастрыя мяча і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.
Прыйсце Сына Чалавечага

25 Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання.
26 Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы.
27 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
28 Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне».
Прыклад смакоўніцы

29 І сказаў ім прыпавесць: «Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы.
30 Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
31 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае.
32 Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё адбудзецца.
33 Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Заклік да чування

34 Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана,
35 бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі.
36 Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
37 У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай.
38 Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Лукі, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019