1 І ўзглянуўшы, убачыў тых багатых, якія клалі свае дары ў скарбону,
2 і ўбачыў так-жа нейкую бедненькую ўдаву, якая клала дзьве малыя манэткі.
3 І сказаў: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла болей за ўсіх.
4 Бо ўсе тыя клалі на дары Божыя з таго, што для іх было лішняе, а гэтыя з недастатку свайго, палажыла ўвесь свой пражытак, які мела.
5 А калі некаторыя гаварылі аб сьвятыні, што яна ўпрыгожана стройнымі каменьнямі, сказаў:
6 Прыйдуць дні, у каторых з гэтага, што вы бачыце, не астанецца камень на камені, каторы-б ня быў звалены.
7 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, калі гэтае будзе, і які знак, калі яно пачне дзеяцца?
8 Ён сказаў: Глядзеце, каб вас не зьвялі. Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы, што «гэта я» і «час прыбліжыўся», дык вы ня ідзеце за імі.
9 Калі-ж пачуеце аб войнах і бунтах, ня бойцеся; трэба, каб перш гэтае сталася, але яшчэ ня зараз канец.
10 Тады казаў ім: Паўстане народ проціў народу, і каралеўства проціў каралеўства,
11 і будуць вялікія землятрасеньні па мясцох, і паморы, і галады, і страхі з неба, і знакі вялікія будуць.
12 Але перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць прасьледаваць, выдаючы ў бажніцы і вастрогі, цягаючы да каралёў і начальнікаў дзеля імені майго,
13 яно-ж прыдасца вам на пасьведчаньне.
14 Дык вазьмеце ў сэрцы вашыя не абдумываць наперад, як вы маеце адказваць.
15 Бо я вам дам вусны і мудрасьць, каторай ня змогаць супрацівіцца і запярэчыць усе праціўнікі вашы.
16 І будзеце выдаваны бацькамі, і братамі, і сваякамі, і прыяцелямі, і некаторым з вас сьмерць зробяць.
17 І будзеце зьненавіджаны ўсімі дзеля імені майго;
18 а волас з галавы вашай ня згіне.
19 Праз цярплівасьць вашу здабудзеце душы вашыя.
20 Калі-ж убачыце Ерузалім, акружаны войскам, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне яго.
21 Тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; а тыя, што ўнутры яго, няхай выходзяць; а тыя, што ў ваколіцах, няхай ня ўходзяць у яго.
22 Бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё, што напісана.
23 А гора цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе вялікае ўцісьненьне на зямлі і гнеў на гэты народ.
24 І лягуць ад вастрыя мяча, і будуць заведзены ў няволю да ўсіх народаў, а Ерузалім будуць таптаць пагане, пакуль ня споўняцца часы народаў.
25 І будуць знакі на сонцы і месяцы і зорах, а на зямлі ўцісьненьне народаў дзеля зьмяшаньня марскога шуму і навальніцы;
26 калі людзі будуць сохнуць ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на цэлы сьвет, бо сілы нябесныя будуць зрушаны.
27 І тады ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай вялікай і славаю.
28 А калі гэтае пачне тварыцца, узгляньце і падымеце галовы вашыя, бо прыбліжаецца вашае адкупленьне.
29 І сказаў ім падабенства: Гляньце на фігу і ўсе дрэвы:
30 Калі яны з сябе ўжо выдаюць плод, вы ведаеце, што блізка лета.
31 Так і вы, калі ўгледзіце, што гэтае творыцца, ведайце, што блізка каралеўства Божае.
32 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё станецца.
33 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
34 Зьвярнеце-ж увагу на сябе, каб часам ня былі абцяжаны сэрцы вашыя абжорствам і п’янствам і клапотамі гэтага жыцьця; і каб дзень той не надыйшоў на вас раптоўна;
35 бо так як сіло ўпадзе на ўсіх, што сядзяць на вобліку ўсяе зямлі.
36 Дык чуйце, молячыся ў кожны час, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад гэтага ўсяго, што мае прыйсьці, і стаць перад Сынам чалавечым.
37 І навучаў днямі ў сьвятыні, а начамі выходзячы, прабаваў на гары, якая завецца Аліўнаю.
38 А ўвесь народ ад рана зыходзіўся да яго, ў сьвятыні каб слухаць яго.
Каментары ці зноскі:
3 Гл. Мк. 12:44.
7 Гл. Мт. 24:3.
12 Гл. Мт. 24:9 і наст.
13 Тыя ўсе цярпеньні, якія хрысьціяне будуць перанасіць дзеля імені Хрыстовага, дадуць ім аказію сьведчыць аб праўдзівасьці верыў Хрыста.
18 Хто мае надзею на Бога і цярпіць для Яго, той знаходзіцца пад асабліўшай апекай Бога, бяз волі і веды каторага нічога стацца ня можа.
24 Гэтыя словы Хрыста споўніліся ў часе аблогі і ўзяцьця Ерузаліму рымлянамі (у 70 г. па Нар. Хр.). Тады згінула болей мільёна жыдоў, узята ў няволю 97 тысяч, маладзяж ніжэй 17 гадоў прадавалі ў няволю амаль што за дарма.
26 Гл. Мт. 24:29.
37 Першую і другую ноч пасьля ўезду ў Ерузалім Езус прабыў у Бэтаніі, а ночы з аўторка на сераду і з серады на чацьвер — на гарэ Аліўнай. У начы з чацьвярга на пятніцу Езус быў узяты на гэтай-жа гарэ.
38 Народ, які быў зыйшоўшыся на Пасху ў Ерузалім, гарнуўся да Езуса, але старшыя жыдоўскія былі ўжо пастанавіўшы забіць Езуса, а цяпер толькі шукалі зручнае часіны, каб яго ўзяць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.