Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 17 Паводле Лукаша 17 разьдзел

1 І сказаў да сваіх вучняў: Немагчыма, каб ня прыйшлі згаршэньні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
2 Карысьней яму было-б, каб млынавы камень павесіць яму за шыю і ўкінуць яго ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з гэтых малых
3 Зьвярнеце ўвагу на сябе. Калі-б саграшыў проціў цябе брат твой, напамінай яго; а калі-б пакаяўся, адпусьці яму.
4 І калі-б сем разоў у дзень саграшыў проціў цябе і сем разоў у дзень зьвярнуўся да цябе, кажучы: «Каюся», адпусьці яму.
5 І сказалі апосталы Пану: Павяліч нам веру.
6 І сказаў Пан: Калі-б вы мелі веру, як гарчычнае зерне, сказалі-б гэтаму марвоваму дзераву: «Выкараніся і перасадзіся ў мора», і паслухае вас.
7 А хто з вас, маючы аручага або пасучага слугу, сказаў-бы яму, калі ён вярнуўся з поля: «Ідзі зараз, садзіся за стол»;
8 а не сказаў-бы яму: «Прыгатуй мне вячэраць, і апаяшыся, і паслугуй мне, пакуль я зьем і вып’ю, а потым ты будзеш есьці і піць»?
9 Ці-ж дзякуе ён слузе гэнаму, што зрабіў тое, што яму быў загадаў? Ня думаю.
10 Так і вы, калі зробіце ўсё, што вам было загадана, кажэце: «Мы слугі бязвартасныя, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
11 І сталася, калі ішоў у Ерузалім, праходзіў пасярод Самарыі і Галілеі.
12 І калі ўваходзіў у вадно мястэчка, перанялі яго дзесяць пракажаных чалавек, каторыя сталі здалёку
13 і паднялі голас, кажучы: Езусе, Вучыцель, зжалься над намі!
14 Убачыўшы іх сказаў: Ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаны.
15 Адзін-жа з іх, як убачыў, што быў ачышчаны, вярнуўся, вялікім голасам славячы Бога:
16 і ўпаў на твар ля ног ягоных, дзякуючы; а гэта быў самаранін.
17 І адказваючы Езус сказаў: Ці-ж ня дзесяць ачышчаных, а дзе ёсьць дзевяць?
18 Не знайшоўся, хто-б вярнуўся і аддаў хвалу Богу, апроч гэтага чужынца.
19 І сказаў яму: Устань, ідзі, бо вера твая цябе аздаравіла.
20 Спытаны-ж фарызэямі, калі прыйдзе каралеўства Божае, адказваючы ім, сказаў: Ня прыходзіць каралеўства Божае з відавочнасьцяй,
21 і ня скажуць: «вось тут», або «вось там». Бо вось каралеўства Божае паміж вас ёсьць.
22 І сказаў да сваіх вучняў: Прыйдуць дні, калі будзеце жадаць відзець адзін дзень Сына чалавечага, і ня ўвідзіце.
23 І будуць вам казаць: «Вось тут» і «вось там». Ня ідзеце і не прыставайце да іх.
24 Бо як маланка, бліснуўшы з-пад неба, асьвячае тое, што пад небам ёсьць, так будзе Сын чалавечы ў дзень свой.
25 Але перш тэба яму многа цярпець і быць узгарджаным ад гэтага роду.
26 А як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына чалавечага:
27 елі і пілі, жанкі бралі і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у карабель; і прыйшоў патоп і загубіў усіх.
28 Таксама як сталася ў дні Лота: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будаваліся;
29 а ў день, у каторы Лот выйшаў з Садому, лінуў з неба агонь і серка і выгубіў усіх.
30 Паводле гэтага будзе ў дзень, у каторы аб’явіцца Сын чалавечы.
31 У тую часіну хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзіць узяць іх; а хто на полі, няхай таксама не варочаецца назад.
32 Помніце аб жонцы Лота.
33 Хто-б стараўся захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго; а хто-б загубіў яго, ажывіць яго.
34 Кажу вам, у тую ноч будзе двох на аднэ пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены;
35 дзьве будуць мелючы разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена; двух на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінены.
36 Адказваючы сказалі яму: Дзе, Пане?
37 Ён сказаў ім: Дзе-колечы будзе цела, там зьбяруцца і арлы.

Каментары ці зноскі:

1 Людзкая слабасьць, абставіны жыцьця, дрэнны прыклад, спакушэньні ад злога духа — гэта ёсьць прычыны, дзеля каторых згаршэньні на гэтым сьвеце мусяць прыйсьці, аднак гора тым, хто ёсьць прычынай згаршэньня. Гл. Мт. 18:7.

9 Абавязкам слугі ёсьць служыць свайму пану да канца і ўсюды — і за гэтае звычайнае служэньне не належыцца яму ніякая асаблівая нагарода.

10 Панам нашым ёсьць Бог, а мы слугі, і калі мы споўнім нашы абавязкі перад Богам, мы ня зробім нічога надзвычайнага, а зробім тое, што павінны былі зрабіць. Служба Богу ёсьць большым абавязкам, чым служба чалавеку.

11 Гэта была ўжо апошняя падарожа Езуса ў Ерузалім перад ягонай сьмерцяй.

12 Пракажаныя сталі здалёк, бо права забараняла пракажаным прыбліжацца да здаровых. Аб праказе гл. Мт. 8:2.

18 Прыйшоў падзякаваць Хрысту толькі пагарджаны самаранін, а жыды аздароўленыя ня прыйшлі. Хрыстус выгаварвае гэту няўдзячнасьць людзкую.

21 «Паміж вас ёсьць» значыць, што Хрыстус і апосталы, як відомае каралеўства Божае, былі паміж жыдоў, а паміма гэтага жыды гэтага каралеўства не заўважылі.

22 «Адзін дзень» г. зн. той дзень, калі Сын чалавечы прыйдзе судзіць жывых і ўмерлых. Хоць апосталы і вучні ў часе прасьледу будуць жадаць прыходу Сына чалавечага, то гэтае жаданьне не станецца, бо ў Бога іншыя намеры.

24 Прыход Сына чалавечага на апошні суд будзе раптоўны і неспадзяваны, як блыск маланкі.

26 «У дні Сына чалавечага» — гэта значыць, у дні суду.

31 Тады непатрэбная ўжо будзе ніякая рэч.

32 Жонка Лота, выходзячы з Садому, аглянулася, каб паглядзець на гінучы горад і сама згінула.

34 З аднэй сям'і адзін будзе «ўзяты» г. зн. збаўлены, а другі «пакінены» г. зн. асуджаны на вечнае мучэньне.

36 Вучні не зразумелі гэтых слоў, дык пытаюцца: дзе будзе пакінены, куды ўзяты?

37 Гл. Мт. 24:28.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.