1 І Ён сказаў Сваім вучням: «Немажліва, каб не прыйшлі спакусы, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць;
2 лепш было б яму, калі б млынавы жарон павесілі яму на шыю і ўкінулі яго ў мора, чым каб ён стаў прычынаю граху аднаго з гэтых малых.
3 Сачыце за сабою. Калі твой брат сограшыць [супроць цябе], выгавары яму; і, калі пакаецца, даруй яму.
4 І калі сем разоў у дзень саграшыць супроць цябе і сем разоў [у дзень] звернецца да цябе, кажучы: «Каюся» — даруй яму.
5 І Апосталы сказалі Госпаду: «Дадай нам веры!»
6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне і сказалі [гэтай] шаўкоўніцы: Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора» — і яна паслухалася б вас.
7 Хто з вас, маючы слугу, што арэ ці пасе, пасля вяртання яго з поля скажа яму: «Зараз жа ідзі і ўзляж за сталом»?
8 Але ці не скажа яму: «Падрыхтуй мне што павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль я паем і пап’ю, а пасля гэтага будзеш ты есці і піць»?
9 Ці ён дзякуе слузе за тое, што зрабіў загаданае яму? [Не думаю].
10 Гэтак і вы, калі зробіце ўсё, што вам загадалі, кажыце: «Мы нявартыя слугі; [бо] мы зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
11 І сталася: ідучы ў Іерусалім, Ён праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
12 І калі Ён уваходзіў у адно сяло, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёку,
13 і, узняўшы голас, яны казалі: Ісусе, Натсаўніку, злітуйся над намі!
14 І, убачыўшы, Ён сказаў ім: Пайдзіце і пакажыцеся святарам. — І сталася: калі яны ішлі, ачысціліся.
15 І адзін з іх, убачыўшы, што ён вылечаны, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
16 І ўпаў ніцма да Яго ног, дзякуючы Яму; а быў ён самаранін.
17 І Ісус у адказ сказаў: Ці не дзесяць ачысціліся? Дзе ж дзевяць?
18 Няўжо знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншапляменніка?
19 І сказаў яму: Устань і ідзі; твая вера ўратавала цябе.
20 А як фарысеі спыталіся, калі прыйдзе Царства Божае, Ён у адказ ім сказаў: Царства Божае не прыходзіць наглядным чынам.
21 і не скажуць: «Вось тут» або: «[Вось] там», бо вось Царства Божае ў вас42».
22 І Ён сказаў вучням: Прыйдуць дні, калі запрагнеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і не ўбачыце.
23 І скажуць вам: «Вось, там [ці] вось, тут», — не хадзіце і не ганіцеся ўслед.
24 Бо як маланка, бліскаючы, свеціць ад аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы [у Свой дзень].
25 Але спярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым гэтым пакаленнем.
26 І як было ў Ноевы дні, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
28 Таксама, як адбылося ў Лотавы дні: елі, пілі, куплялі, прадавалі, саджалі, будавалі;
29 а ў дзень, калі Лот выйшаў з Садома, лінулі дажджом агонь і серка з неба і вынішчылі ўсіх.
30 Так будзе і ў той дзень, калі адкрыецца Сын Чалавечы.
31 У той дзень хто будзе на даху, а яго рэчы ў доме, няхай не сходзіць узяць іх; таксама і той, хто ў полі, няхай не вяртаецца назад.
32 Помніце пра Лотаву жонку.
33 Хто будзе старацца захаваць сваю душу43, той загубіць яе44, і хто загубіць, той ажывіць яе.
34 Кажу вам: у гэтую ноч будуць два на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
35 дзве будуць разам малоць: адна ўзята, адругая пакінута;
36 [два будуць на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.]
37 І ў адказ яны Яму кажуць: Дзе, Госпадзе? — І Ён сказаў ім: Дзе цела45, там арлы46 збяруцца».
Каментары ці зноскі:
21 42: У гр. мове слова «энтос» мае значэнні «унутры» і «пасярод, між».
33 43: Або: жыццё.
33 44: Або: яго.
37 45: Г. зн. труп.
37 46: Або: сцярвятнікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014