1 Калі Ён скончыў усе Свае словы да народу, што слухаў Яго, Ён увайшоў у Капернаум.
2 А ў аднаго сотніка быў хворы, пры смерці, слуга, якім ён даражыў.
3 Пачуўшы ж пра Ісуса, ён паслаў да Яго іудзейскіх старэйшын, просячы Яго, каб прыйшоў і выратаваў яго слугу.
4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, горача прасілі, кажучы: Ён варты, каб Ты яму зрабіў для яго гэта;
5 бо ён любіць наш народ, і сам пабудаваў нам сінагогу.
6 І Ісус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дома, сотнік паслаў сяброў, каб сказаць Яму: Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
7 таму я і сябе самога не палічыў годным прыйсці да Цябе; але скажы слова і будзе здаровы мой слуга.
8 Бо і я чалавек падуладны, маю пад сабою воінаў і кажу аднаму: «Пайдзі» і ідзе; і другому: «Прыйдзі» і прыходзіць, і свайму слугу: «Зрабі гэта» і ён робіць.
9 Пачуўшы э гэта, Ісус здзівіўся яму і сказаў, павярнуўшыся да натоўпу, што ішоў за Ім: Кажу вам, нават у Ізраіле не знайшоў Я такой вялікай веры.
10 І, пасланцы, вярнуўшыся дадому, знайшлі слугу здаровым.
11 І сталася: неўзабаве пасля гэтага выправіўся Ён у горад, які называўся Наін, і ішлі з Ім Яго вучні і вялікі натоўп.
12 Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, то вось, выносілі памерлага, адзінага сына ў яго маці, а была яна ўдава, і даволі вялікі натоўп з горада быў з ёю.
13 І, убачыўшы яе, Госпад злітаваўся над ёю і сказаў ёй: Не плач.
14 І, падышоўшы, дакрануўся да мараў, насільшчыкі ж спыніліся, і сказаў Ён: Юнача, табе кажу: устань!
15 І мёртвы сеў і пачаў гаварыць, і Ён аддаў яго маці яго.
16 І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў між нас, і Бог наведаў Свой народ.
17 І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.
18 І паведамілі Іаану яго вучні пра ўсё гэта. І, паклікаўшы двух са сваіх вучняў, Іаан
19 паслаў іх да Госпада [Ісуса]: «Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
20 І, прыйшоўшы да Яго, мужчыны сказалі: Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць іншага?
21 У той11 час Ён вылечыў многіх ад хвароб, немачаў і ліхіх духаў і многім сляпым падараваў зрок.
22 І ў адказ Ён сказаў ім: Пайдзіце, паведаміце Іаану тое, што бачылі і чулі: сляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Дабравесце,
23 і шчаслівы той, хто не ўсумніцца ўва Мне.
24 А калі адышлі Іаанавы пасланцы, Ён пачаў казаць натоўпам пра Іаана: Што выйшлі вы ў пустэльню паглядзець? Ці трыснёг, што гайдаецца ад ветру?
25 Што ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека, увабранага ў мяккія шаты? Дык жа тыя, што ў паглядных уборах і ў раскошы жывуць, знаходзяцца у царскіх палацах.
26 Што ж выйшлі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарок.
27 Гэта той, пра каго напісана: «Вось Я пасылаю перад Тваім абліччам Майго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».
28 Кажу вам: Між народжаных ад жанчын няма ніводнага [прарока] большага, чым Іаан [Хрысціцель]; але меншы ў Царстве Божым большы за яго.
29 І ўвесь народ, што слухаў, і зборшчыкі падаткаў прызналі слушнасць Бога, ахрысціўшыся Іаанавым хрышчэннем;
30 фарысеі ж і законнікі адкінулі Божую волю аб сабе, не хрысціўшыся ад яго.
31 [І Госпад сказаў:] Дык з кім параўнаю людзей гэтага пакалення і да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рыначнай плошчы і звяртаюцца адно да аднаго, кажучы: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі, мы спявалі [вам] пахавальныя песні, а вы не плакалі».
33 Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель — хлеба не есць і віна не п’е, і вы кажаце: «У ім дэман».
34 Прыйшоў Сын Чалавечы — есць і п’е, вы кажаце: «Вось абжорлівы чалавек і віналюб, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў».
35 Ды апраўдана мудрасць усімі яе дзецьмі.
36 А адзін з фарысеяў прасіў Яго, каб падсілкаваўся з ім; і, Ён увайшоўшы ў фарысееў дом, узлёг пры ядзе.
37 І вось жанчына з таго горада, якая была грэшніцаю, даведаўшыся, што Ён узлягае ў фарысеевым доме, прынесла алебастравы флаконік міра.
38 І, стаўшы ззаду каля Яго ног, пачала, абліваць слязьмі Яму ногі, і валасамі свае галавы выцірала, і цалавала Яго ногі, і мазала мірам.
39 А, убачыўшы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, мовіў сам сабе, кажучы: Гэты чалавек, калі б Ён быў прарокам, ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.
40 І ў адказ Ісус сказаў яму: Сімане, Я маю нешта сказаць табе, — А ён кажа: Скажы, Натсаўніку.
41 У аднаго ліхвяра было два даўжнікі: адзін быў вінаваты пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят.
42 Але, як яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх, [скажы,] будзе больш любіць яго?
43 У адказ Сіман сказаў: Думаю, той, каму больш дараваў. — І Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сіману: Ці бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў да цябе ў дом, ты вады Мне на ногі не даў; яна ж слязьмі абліла Мае ногі і сваімі валасамі12 выцерла.
45 Пацалунку ты Мне не даў; яна ж з таго часу, як Я ўвайшоў, не пераставала цалаваць Мае ногі.
46 Алеем ты Маёй галавы не памазаў; яна ж мірам памазала Мае ногі.
47 А таму кажу табе: Дараваны ёй шматлікія грахі, бо шмат яна палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.
48 А ёй сказаў: Дараваны твае грахі.
49 І пачалі тыя, што ўзляглі з Ім, казаць самі сабе: Хто гэта, што грахі даруе?
50 Ён жа сказаў жанчыне: Твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.
Каментары ці зноскі:
21 11: У некат. рукап.: А ў гэты.
44 12: У некат. рукап.: валасамі сваёй галавы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014