Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Лукі 4 Лукі 4 разьдзел

1 Ісус жа, поўны Святога Духа, вярнуўся ад Іардана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні
2 сорак дзён, і быў Ён спакушваны д’ябалам. І не еў нічога тыя дні, а калі яны скончыл, адчуў голад.
3 І д’ябал сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам.
4 Ісус адказаў яму: Напісана: «Не хлебам адным бузе жыць чалавек, [а кожным словам Божым]».
5 І, узвёўшы Яго, [на высокую гару], паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы населенай зямлі,
6 І д’ябал сказаў Яму: Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе.
7 Дык Ты, калі паклонішся перада мной, яна ўся будзе Твая7.
8 І ў адказ Ісус сказаў яму: [Адыдзі ад Мяне, сатана]. Напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы».
9 І ён павёў Яго ў Іерусалім, паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;
10 бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе ўсцерагчы Цябе,
11 і на руках яны панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою».
12 А Ісус сказаў у адказ яму: Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога».
13 І, скончыўшы ўсё спакушэнне, д’ябал адышоў ад Яго да часу.
14 І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
15 І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
16 І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу і ўстаў, каб чытаць.
17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаіі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
18 «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне [вылечыць разбітых сэрцам], абвясціць палонным вызваленне і сляпым — відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю,
19 абвясціць спрыяльны год Гасподні».
20 І, згарнуўшы скрутак, аддаў служку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.
21 Ён пачаў казаць ім: Сёння спраўдзілася гэтае Пісанне, якое вы чулі.
22 І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся словам ласкі, што зыходзілі з Яго вуснаў, і пыталі: Ці не Іосіфаў гэта сын?
23 І Ён сказаў ім: Вядома, вы скажаце Мне гэтае выслоўе: «Доктару, вылеч Самога Сябе»; «Тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у Сваёй бацькаўшчыне».
24 І Ён сказаў: Праўду кажу вам: Ніякага прарока не прымаюць у сваёй бацькаўшчыне.
25 Па праўдзе ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іліі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі,
26 і да ніводнае з іх не быў пасланы Ілія, а только ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы.
27 І шмат было пракажоных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя сірыйца Неямана.
28 І перапоўніліся гневам усе ў сінагозе, пачуўшы гэта,
29 і, устаўшы, выгналі Яго з горада, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго ўніз;
30 Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, пайшоў далей.
31 І спусціўся ў Капернаум, галілейскі горад. І вучыў іх па суботах;
32 і яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу.
33 І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, нячыстага дэмана, і ён закрычаў моцным голасам:
34 Эй, што Табе да нас, Ісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы.
35 Ды Ісус забараніў яму, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго! — І дэман, кінуўшы таго на сярэдзіну, выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму.
36 І напаў на ўсіх жах і разважалі між сабою, кажучы: Што гэта за слова, што Ён з уладаю і сілай загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць.
37 І розгалас пра Яго разышоўся па ўсіх навакольных мясцінах.
38 А Ён, устаўшы і выйшаўшы з сінагогі, увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была ахоплена моцнай гарачкаю, і Яго папрасілі за яе.
39 І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, прыслугоўвала ім.
40 Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх.
41 Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: Ты [Хрыстос], Сын Божы! — Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
42 Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ш пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх.
43 Ён жа сказаў ім: І іншым гарадам Я павінен дабравесціць Царства Божае, бо на гэта я пасланы.
44 І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі8.

Каментары ці зноскі:

7 7: У некат. рукап.: усё будзе Тваё.
44 8: У некат. рукап.: Галілеі.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014