1 Сказаў жа Ён ім [і] прыпавесць пра тое, што ім трэба заўсёды маліцца і не занепадаць духам,
2 кажучы: У нейкім горадзе быў адзін суддзя, што Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3 І была ў тым горадзе [адна] ўдава, і яна прыходзіла да яго і казала: Абарані мяне ад майго праціўніка.
4 Ды ён нейкі час не хацеў. А пасяля сказаў сам сабе: Хоць і Бога я не баюся і людзей не саромеюся,
5 але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ўрэсце не хадзіла і не дакучала мне.
6 І Госпад сказаў: Чуеце, што кажа няправедны суддзя?
7 А ці ж Бог не возьме ў абарону Сваіх абраны, што крычаць Яму ўдзень і ўночы, хоць і доўга церпіць несправядлівасць да іх?
8 Кажу вам, што Ён створыць неўзабаве ім абарону. Толькі Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9 І Ён сказаў таксама да некаторых, упэўненных у сабе, што яны праведнікі, а іншымі пагарджалі, такую прыпавесць:
10 два чалавекі ўзышлі ў святыню памаліцца, адзін — фарысей, а другі — зборшчык падаткаў.
11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не як астатнія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложцы ці нават як гэты зборшчык падаткаў;
12 я пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.
13 А зборшчк падаткаў, стоячы здалёку, не важыўся і вачэй узняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага.
14 Кажу вам: гэты пайшоў ў свой дом больш апраўданым, чым той; бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, хто ж паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
15 Прыносілі ж да Яго і неўмалят, каб Ён да іх дакрануўся; а вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
16 Ісус жа паклікаў іх, кажучы: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.
17 Праўду кажу вам, хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго.
18 І адзін начальнік спытаўся ў Яго, кажучы: Добры Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?
19 Ісус жа сказаў яму: Што ты Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, — толькі адзін Бог.
20 Ты ведаеш запаведзі: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы лжывы, шануй свайго бацьку і маці [сваю]».
21 Ён жа сказаў: Усё гэта я выконваў з [сваёй] маладосці.
22 І Ісус, пачуўшы [гэта], сказаў яму: Яшчэ аднаго табе нестае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною.
23 Але ён, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо быў надта багаты.
24 Убачыўшы, што той моцна зажурыўся, Ісус сказаў: Як цяжка тым, што маюць багацце, уваходзіць у Царства Божае!
25 Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26 І тыя, што чулі, сказалі: І хто можа быць уратаваны?
27 Ён жа сказаў: Немажлівае ў людзей — мажлівае ў Бога.
28 І Пётр сказаў: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29 Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом ці жонку, ці братоў, ці бацькоў47, ці дзяцей дзеля Царства Божага,
30 не атрымае ў шмат разоў больш у гэты час, а ў прошлым веку — вечнае жыццё.
31 І, узяўшы дванаццаць, Ён сказаў ім: Вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і спраўдзіцца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага:
32 бо Ён будзе выдадзены язычнікам, і будзе асмяяны, і зняважаны, і апляваны,
33 і, збічаваўшы, заб’юць Яго, але трэцяга дня Ён уваскрэсне!
34 Ды яны нічога з гэтага не зразумелі, і гэтае слова было схавана ад іх, і сказанага яны не разумелі.
35 І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе жабруючы.
36 А пачаўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся, што гэта такое.
37 Яму сказалі, што праходзіць Ісус Назаранін.
38 І ён закрычаў, кажучы: Ісусе, Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною!
39 І тыя, што ішлі спераду, сталі забараняць яму, дамагаючыся, каб замоўк, ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаваў, злітуйся нада мною!
40 І, спыніўшыся, Ісус, загадаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся, Ён спытаўся ў яго:
41 Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе? — І ён сказаў: Госпадзе, каб я стаў бачыць.
42 І Ісус сказаў яму: Будзь відушчы. Твая вера ўратавала цябе.
43 І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.
Каментары ці зноскі:
29 47 У некат. рукап.: бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014