1 І сталася: у суботу, [першую па другім дні Пасхі], Ён праходзіў збажыною, і Яго вучні зрывалі калоссе і елі, расціраючы рукамі.
2 Некаторыя ж з фарысеяў сказалі [ім]: Чаму вы робіце тое, чаго не дазваляецца [рабіць] у суботы?
3 І ў адказ ім Ісус сказаў: Няўжо вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім;
4 як увайшоў ён у дом Божы і, узяўшы хлябы прапановы, ей і даў тым, што былі з ім, а іх не дазваляецца есці нікому, акрамя адных святароў?
5 І Ён казаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар [і] суботы.
6 І сталася: у другую суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, і яго правая рука была сухая.
7 Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці за што абвінаваціць Яго.
8 Але Ён ведаў іх думкі і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: Падыміся і стань пасярэдзіне. — І той, падняўшыся, стаў.
9 Ісус жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, душу ўратаваць ці загубіць? [Яны ж маўчалі].
10 І, аглядзеўшы іх усіх, сказаў яму: Выцягні сваю руку. — І ён зрабіў так і ажыла яго рука9.
11 Яны ж перапоўніліся шаленствам і казалі між сабою, што зрабіць бы Ісусу.
12 І сталася: у гэтыя дні Ён выйшаў на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў у малітве да Бога.
13 І, калі настаў дзень, Ён паклікаў Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Іякава, і Іаана, і Філіпа, і Варфаламея,
15 і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,
16 і Іуду Іякавага, і Іуду Іскарыёта, які зрабіўся здраднікам.
17 І, спусціўшыся з імі, Ён стаў на роўным месцы, і вялікая грамада Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Іерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,
18 што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; і тыя, каго даймалі нячыстыя духі, таксама вылечваліся,
19 і ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.
20 І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх сказаў: Шчаслівыя ўбогія [духам], бо ваша ёсць Царства Божае.
21 Шчаслівыя, хто галадае цяпер, бо вы будзеце насычаны. Шчаслівыя, хто плача цяпер, бо будзе смяяцца.
22 Шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і калі адлучаць вас і будуць ганьбіць, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за Сына Чалавечага;
23 узрадуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо гэтак рабілі іх бацькі прарокам.
24 Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.
25 Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад. Бяда вам, што смеяцеся цяпер, бо будзеце смуткаваць і плакаць.
26 Бяда вам, калі пра вас будуць казаць добра ўсе людзі; бо гэтак рабілі іх бацькі лжэпрарокам.
27 Але вам, хто слухае, кажу: Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, хто ненавідзіць вас,
28 добраслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас.
29 Таму, хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў і другую, і таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і кашулю.
30 Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, і ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй назад.
31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
32 І калі вы любіце тых, хто любіць вас, якая вам удзячнасць? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
33 [Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам удзячнасць? І грэшнікі тое самае робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам удзячнасць? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.
35 А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.
36 [Дык] будзьце міласэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.
37 І не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і вас не асудзяць. Даруйце, і вам даруюць;
38 давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у палу; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам.
39 І сказаў ім таксама прыпавесць: Хіба можа сляпы сляпога весці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?
40 Вучань не вышэйшы за [свайго] настаўніка; але кожны, удасканаліўшыся, будзе, як яго настаўнік.
41 Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?
42 Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай я выму парушынку, што ў тваім воку», калі сам бервяна ў сваім воку не бачыш? Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, тады ясна ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку твайго брата.
43 Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б благі плод, няма і благога дрэва, якое радзіла б добры плод.
44 Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.
45 Добры чалавек з добрай скарбніцы [свайго] сэрца выносіць добрае, а ліхі [чалавек] з ліхой [скарбніцы свайго сэрца] выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.
46 Што ж клічаце Мяне: «госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;
48 падобны ён да чалавека, што будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і заклаў падмурак на скале; калі ж здарылася разводдзе, на той дом хлынула рака, і не змагла яго пахіснуць, боён быў добра збудаваны10.
49 А хтопачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі, без падмурка, хлынула рака на яго, і адразу ён абваліўся, і руіна таго дома была вялікая.
Каментары ці зноскі:
10 9: У некат. рукап.: стала яго рука здаровая, як другая.
48 10: У некат. рукап.: бо ён быў заснаваны на скале.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014