Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Лукаша 6 Паводле Лукаша 6 разьдзел

1 Вучні зрываюць каласы ў сыботу. 6 Ацаленьне сухарукага ў сыботу. 13 Выбраньне дванаццацёх апосталаў. Каторыя шчасьлівыя. 24 Гора некаторым. 27 Належыць любіць ворагоў. 36 Запаветы быць дабрадзейнымі. 41 Шчэпка ў воку брата. 43 Дрэва добрае й гнілое. 45 Сэрца добрае і злое. 47 Слухаць і рабіць паводля навукі Хрыста.
1 Сталася-ж у сыботу, па другім дні Пасхі; здарылася Яму прайходзіць палямі паміж збожжа, і вучні Ягоныя зрывалі каласы, і, расьціраючы іх рукамі, елі зярняты.
2 І некаторыя з фарысеяў гаварылі ім: — чаму вы робіце тое, чаго не належыць рабіць у сыботу?
3 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі згаладаўся сам і тыя, якія з ім былі?
4 Як увайшоў у дом Божы, узяў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці нікому, апрача ерэяў, і еў і даваў тым, хто з ім быў?
5 І сказаў ім: — Сын Чалавечы: ёсьць гаспадаром і сыботы.
6 Было-ж і ў другую сыботу, калі Ён увайшоў у сынагогу й навучаў; і быў там чалавек, у якога правая рука была ўсохшы.
7 Кніжнікі-ж і фарысеі назіралі, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
8 Але Ён, ведаючы іхныя помыслы, сказаў сухарукаму чалавеку: — устань ды выйдзі на сярэдзіну; і той устаў і выйшаў.
9 Тады сказаў ім Ісус: — спытаюся Я ў вас, што належыць рабіць у сыботу, дабро тварыць ці зло? выбавіць душу ці загубіць? яны маўчалі.
10 І паглядзеўшы на ўсіх навокал, сказаў таму чалавеку: — выцягні руку тваю, і ён зрабіў гэтак, і стала рука яго здаровая, як і другая.
11 Яны-ж шалелі ад злосьці й гаварылі адзін аднаму, што-б ім учыніць Ісусу.
12 І сталася ў дні тыя, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і прабыў усю ноч на малітве Божай.
13 Калі-ж настаў дзень, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі.
14 Сымана, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба й Яна, Піліпа й Баўтрамея;
15 Мацьвея й Фаму, Якуба Алфеевага й Сымана, называнага Зілотам;
16 Юду Якубавага й Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.
17 І зыйшоўшы з імі ўніз, Ён стаў на месцы роўным, і грамада вучняў Яго, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі й Ерусаліма, і з узьбярэжжа краін Тырскай і Сідонскай;
18 Якія папрыйходзілі паслухаць Яго й пазбавіцца ад нядугаў сваіх, таксама й тыя, якія цярпелі ад нячыстых духаў.
19 І ўсе з грамады народу жадалі дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыйходзіла сіла й аздараўляла ўсіх.
20 І Ён узьвёў вочы Свае на вучняў Сваіх і прамаўляў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Уладарства Божае.
21 Шчасьлівыя згаладалыя цяпер, бо задаволіцеся, шчасьлівыя, заплаканыя цяпер, бо будзеце сьмяяцца.
22 Шчасьлівыя будзеце, калі зьненавідзяць вас людзі, і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць, і зганьбяць імя вашае, як нягоднае, дзеля Сына Чалавечага.
23 Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялецеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
24 Але гора вам багатым, бо вы ўжо атрымалі пацеху вашую.
25 Гора вам перасычаным цяпер, бо будзеце галадаць; гора вам, хто сьмяецца цяпер, бо сьлёзна заплачаце.
26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добрае, бо тое самае ўчынялі фальшывым прарокам айцы іхныя.
27 Але кажу вам усім, хто слухае: любеце ворагаў вашых, тварэце дабро ненавісьнікам вашым.
28 Дабраўслаўце тых, хто выклінае вас і малецеся за тых, хто вас крыўдзіць.
29 І хто цябе ўдарыць па шчацэ, настаў і другую; і хто здымае з цябе верхняе адзеньне, не перашкаджай зняць і сарочку.
30 Кажнаму, хто просіць у цябе — дай, і хто бярэ ад цябе — ня сысквай.
31 І як жадаеце ад людзей, каб яны абыйходзіліся з вамі, так і вы абыйходзьцеся з людзьмі.
32 І калі любіце тых, якія любяць вас, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
33 І калі дабрадзейнічаеце вашым дабрадзеям, якая ў тым вашая заслуга? бо й грэшнікі робяць таксама.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго чакаеце звароту пазычанага, якая вашая заслуга? бо й грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб вярнуць усё спаўна.
35 Але вы любеце ворагаў вашых, і дабрадзейнічайце й пазычайце, нічога не жадаючы; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры, і для нягодных і для злых.
36 Дык будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш Міласэрны ёсьць.
37 Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не ганьбуйце, і ня будзеце зганьбаванымі; даруйце, — і вам даруюць.
38 Давайце, — і будзе вам дадзена: меру добрую, утаптаную, утрэсеную й з вярхом адсыплюць вам у спажытак ваш; бо якою мераю мераеце, такою й вам адмерыцца.
39 Сказаў таксама ім прыпавесьць: — ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не ўпадуць абодва ў яму?
40 Вучань ня бывае вышэйшы за свайго вучыцеля; але, калі ўдасканаліцца, кажны будзе як вучыцель яго.
41 І што ты ўглядаешся на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў воку тваім не адчуваеш.
42 Альбо, як скажаш брату твайму: — браце! дай, я выйму шчэпку з вока твайго, калі палена ў воку тваім ня бачыш; крывадушнік! выймі перш палена з вока твайго, тады пабачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго.
43 Няма-ж дрэва добрага, якое-б давала ліхі плён, і няма дрэва ліхога, якое-б давала плён добры.
44 Бо ўсякае дрэва пазнаецца па плёне яго; і ня зьбіраюць з цярніны фігаў, а з шыпшыньніку вінаграду.
45 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек з ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад паўнаты сэрца прамаўляюць вусны ягоныя.
46 Пашто вы завяце Мяне, Госпадзе, Госпадзе, а ня выконваеце таго, што гавару вам?
47 Кажны, хто прыйходзіць да Мяне й слухае словы Мае й выконвае іх, скажу вам, да каго падобны.
48 Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, раскапаўшы глыбока, залажыў фундамант на камені; і калі найшла паводка, і вада налягла на дом, то не парушыла яго, бо быў ён закладзены на камені.
49 А хто слухае й ня выконвае, той падобны да чалавека, які збудаваў дом свой на зямлі без падмурку; і калі налягла на яго вада, ураз-жа заваліўся; і вялікае было разбурэньне яго.

Каментары ці зноскі:

10 паглядзеўшы на ўсіх — ці — абвёўшы ўсіх вачыма.
24 багатым — ці — багацеям.
35 нягодных — ці — скупых.
42 з вока твайго — ці — з вока свайго.
44 вінаграду — ці — смокваў.
47 выконвае — ці — выпаўняе.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Лукаша, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.