1 Пасылаюцца вучні абвяшчаць Уладарства Божае. 7,19 Людзкая слава пра Ісуса. 13 Пяць хлябін і дзьве рыбы. 20 Высланьне й настаўленьне вучням. 24 Выбавіць і загубіць душу. 28 Перамяненьне Ісусава. 35 Хрыста слухайце! 37 Люнатык. 46 Хто першы з апосталоў? 49 Пра выгнаньне злыдухаў імём Ісуса. 52 Самаране ня прыймаюць Хрыста. 57,59,61 Тры насьлядоўцы Ісуса, але не надзейныя.
1 Прызваўшы-ж дванаццацёх, даў ім сілу і ўладу над усімі злыдухамі й на лекаваньне хворых.
2 І паслаў іх абвяшчаць Уладарства Божае й ацаляць нядужных.
3 І сказаў ім: — нічога не бярэце ў дарогу: ані кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, ані дзьвёх адзежын ня майце.
4 І ў які дом увойдзеце, там аставайцеся, і адтуль выходзьце.
5 А калі вас дзе ня прыймуць, то выйходзячы з места таго, атрасеце й пыл з ног вашых, у сьветчаньне на іх.
6 І, выйшаўшы, яны прайходзілі з паселішча ў паселішча, абвяшчаючы Евангельле і ўсюды творачы ацаленьні.
7 Ірад-жа чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра ўсё, што дзеялася праз Яго, быў зьбянтэжаны; бо некаторыя гаварылі, што гэта Ян устаў з мёртвых;
8 Іншыя-ж, — што зьявіўся Ільля, а іншыя, што адзін з даўнейшых прарокаў устаў.
9 І сказаў Ірад: — Яну я сьняў галаву, дык хто-ж Гэты, пра Якога чую такое? і стараўся пабачыць Яго.
10 Апосталы-ж, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны стварылі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, аддаліўся самотна ў пустыннае мясца, недалёка ад места Віфсаіды.
11 Але народ, дачуўшыся, пайшоў за Ім; і Ён прыняў іх, і гаварыў ім пра Уладарства Божае, а патрабуючых ацаленьня аздараўляў.
12 Дзень-жа пачаў схіляцца да вечара. І прыступілі да Яго дванаццацёх, кажучы Яму: — адпусьці народ, каб пайшоўшы ў сёлы й пасёлкі навакольныя, знайшлі сабе начлег і ежу, бо мы тут у пустынным мясцы.
13 Але Ён сказаў ім: — вы самі дайце ім есьці; яны сказалі: няма ў нас нічога больш, як толькі пяць хлябін і дзьве рыбы; хіба-ж не пайці нам купіць ежы для гэтых людзей?
14 Было-ж там блізу пяцёх тысяч чалавек, тады сказаў Ён вучням Сваім: — рассадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
15 І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 І ўзяўшы пяць хлябоў і абедзьве рыбы, Ён, узглянуўшы на неба, дабрасловіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.
17 І елі ўсе і здаволіліся, і назьбіралі астачы кускоў дванаццаць корабаў.
18 Было-ж аднойчы, калі Ён маліўся насамоце, і вучні былі з Ім, і спытаўся ў іх, кажучы: — за каго ўважаюць Мяне людзі?
19 Яны-ж у адказ сказалі: — за Яна Хрысьціцеля, а іншыя — за Ільлю, іншыя гавораць, што адзін з прарокаў старадаўных уваскрос.
20 Ён-жа спытаўся ў іх: — за каго-ж вы ўважаеце Мяне; і ў адказ Пётра: — за Хрыста Божага.
21 І Ён цьвёрда заказаў ім нікому пра гэта не гаварыць,
22 Кажучы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адцярпець і быць здраджанаму праз старшыняў і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і ў трэйці дзень уваскроснуць.
23 Да ўсіх-жа сказаў: — калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе і возьме крыж свой ды йдзе за Мною.
24 Бо калі хто хоча душу сваю зьберачы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той зьберажэ яе.
25 І што за карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, сябе-ж самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?
26 Бо хто пасаромеецца Мяне й слоў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца й сьвятых ангелаў.
27 Кажу-ж вам праўдзіва: некаторыя з тых, якія тут стаяць, не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Уладарства Божага.
28 Дзеелася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых: узяўшы Пятра, Яна й Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.
29 І сталася: калі маліўся, выгляд аблічча ў Ягонага зьмяніўся, і адзеньне Ягонае сьвяцілася белізною.
30 І два мужы размаўлялі з Ім, а былі яны — Майсей і Ільля.
31 Зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Ягоны, які меўся стацца ў Ерусаліме.
32 Пётра й тыя, хто былі з ім, былі абцяжаныя сном; абудзіўшыся, яны абачылі вялічнасць Ягоную, і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
33 І калі яны адыйходзілі ад Яго, сказаў Пётра Ісусу: — Вучыцель! добра нам тут быць; паставім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі, — ня ведаючы, што кажа.
34 Калі-ж ён яшчэ гаварыў, наплыло воблака й агарнула іх; і перапужаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.
35 І быў з воблака голас, прамаўляючы: — гэта Сын Мой Улюбёны, Яго слухайце.
36 І калі пачуўся той голас, Ісус застаўся адзін; і яны змоўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
37 Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыйходзілі з гары, сустрэла Яго вялікая грамада народу.
38 І вось чалавек з грамады ўсклікнуў, кажучы: — Вучыцель! малю Цябе, узглянь на сына майго, бо ён у мяне адзіны.
39 І вось дух хапае яго й кідае, і ён раптам крычыць і курчыцца й пеніць, і ледзьве адыйходзіць ад яго, намучыўшы яго.
40 Я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго, і не змаглі.
41 Ісус-жа ў адказ прамовіў: — о, родзе няверны й разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзі Мне сына твайго сюды.
42 Калі-ж той яшчэ йшоў, нячысты кінуў яго й трос; але Ісус забараніў нячыстаму й ацаліў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.
43 І дзівіліся ўсе велічы Божай. Калі-ж усе дзіваваліся з усяго таго, што тварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
44 — Улажэце ў вушы вашыя словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выданы ў рукі чалавечыя.
45 Але яны не зразумелі слова гэтага, яно было закрытае для іх, і яны ня ўцямілі яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
46 Узнікла-ж у іх думка, хто-б з іх быў вялікшы?
47 Ісус-жа, ведаючы помыслы сэрцаў іхных, узяў дзіця, паставіў яго прад Сабою;
48 І сказаў ім: — хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прыймае, а хто прыме Мяне, той прыймае Таго, Хто паслаў Мяне; і хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікшы.
49 Тады Ян, азваўшыся, сказаў: — Вучыцель! бачылі мы некага, хто імём Тваім выганяў злыдухаў, і забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі.
50 І сказаў яму Ісус: не забараняйце, бо хто ня супроць вас, той за вас.
51 І сталася, калі надыйходзілі дні выданьня Яго, аблічча Ягонае выказвала ўпэўненасьць іці ў Ерусалім.
52 І паслаў вястуноў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, ўвайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб выканаць прыгатову для Яго.
53 Але там не прынялі Яго, бо выгляд Ягоны быў, як падарожніка да Ерусаліму.
54 Абачыўшы-ж гэтае, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: — Госпадзе! ці хочаш, мы выпрасім агонь з нябёсаў, каб знішчыў іх.
55 Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім, кажучы: — ня ведаеце, у якім духу вы ёсьць.
56 Бо Сын Чалавечы ня прыйшоў губіць душы чалавечыя, але выбаўляць; і пайшлі ў іншае паселішча.
57 І было-ж, калі былі яны ў дарозе, хтось адзін сказаў Яму: — Госпадзе! пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў.
58 І сказаў яму Ісус: — лісы маюць норы, птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прыкланіць.
59 Другому-ж сказаў: — ідзі сьледам за Мною; і той адказаў: — Госпадзе! дазволь мне перш пайці пахаваць айца майго.
60 Але Ісус сказаў яму: — пакінь умершым хаваць сваіх нябожчыкаў, а ты йдзі ды абвяшчай Дзяржаву Божую.
61 Яшчэ іншы сказаў: — я пайду за Табою, Госпадзе! але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
62 Ісус-жа сказаў яму: — той, хто палажыўшы руку сваю на арадла, азіраецца назад, — недастойны да Уладарства Божага.
Каментары ці зноскі:
4 і адтуль выходзьце — ці — дакуль ня выйдзеце адтуль.
7 быў зьбянтэжаны — ці — быў зьбянтэжаны.
7 дададена ў тэксте — «нічога ўцяліць ня мог», а «быў зьбянтэжаны» на палях.
14 пяцёх — ці — пяці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Лукаша, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.