Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі 9 Эвангельле Лукі 9 разьдзел

1 Паклікаўшы-ж усіх дванаццацёх, даў ім моц і ўладу над усімі чарта́мі і аздараўляць ад хворасьцяў.
2 І паслаў іх навучаць аб Царстве Божым і аздараўляць хворых.
3 І сказаў ім: нічога не бярэце на дарогу: ні кія́, ні торбы, ні хле́ба, ні срэбра, і каб двух вопратак ня ме́лі;
4 і ў які дом увойдзеце, там аставайцеся і стуль ідзе́це ў дарогу;
5 і калі дзе́ ня прымуць вас, то, выходзячы з таго ме́ста, абтрасе́це і пыл з ног вашых у сьве́дчаньне на іх.
6 І, пайшоўшы, праходзілі па сёлах, апавядаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.
7 Ірад жа чацьвертаўла́днік чуў пра ўсё, што дзе́ялася ад Яго, і ня це́міў: бо адны казалі, што гэта Іоан устаў з мёртвых;
8 другія, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
9 І сказаў Ірад: Іоана я сьцяў; хто-ж гэты, аб якім я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх з Сабою, пайшоў самотна ў пустыннае ме́сца каля ме́ста, называнага Віфсаідаю.
11 Але народ, даве́даўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, вёў з імі гутарку аб Царстве Божым і, каму гэтага трэба было, аздараўляў.
12 Калі-ж дзе́нь пачаў зыходзіць, дык прыступілі да Яго дванаццацёра і гаварылі Яму: адпра́ў народ, каб яны пайшлі ў вакалічныя сёлы й вёскі начаваць і дасталі е́сьці, бо мы тут у пустым ме́сцы.
13 Але Ён сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. Яны сказалі: у нас няма бале́й за пяць хлябоў і дзьвюх рыб; хіба нам пайсьці купіць е́жы для ўсіх гэтых людзе́й?
14 Бо іх было каля пяцёх ты́сячаў душ. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх рада́мі па пяцьдзесят.
15 І ўчынілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы і паўзіраўшыся ў не́ба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.
17 І е́лі, і насыціліся ўсе́; і набралі недае́дкаў дванаццаць карабоў.
18 І сталася, як маліўся самотна, і вучні былі з Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго лічыць Мяне́ народ?
19 Яны сказалі ў адказ: за Іоана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю; другія-ж кажуць, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
20 Ён жа спытаўся ў іх: а вы за каго лічыце Мяне́? І адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
21 Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць аб гэтым,
22 сказаўшы, што Сын Чалаве́чы мусіць многа выцярпець мук; і адцураюцца Яго старэйшыны, архірэі і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзе́нь ускрэсьне.
23 Да ўсіх жа сказаў: калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе́, няхай возьме крыж свой і йдзе́ за Мною.
24 Бо хто хоча душу сваю спасьці, загу́біць яе́; а хто загу́біць душу сваю дзеля Мяне́, той спасе́ яе́.
25 Бо якая карысьць чалаве́ку здабыць уве́сь сьве́т, а сябе́ самога загубіць, ці пашкодзіць сабе́?
26 Бо хто паўстыдаецца Мяне́ і Маіх слоў, таго Сын Чалаве́чы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца і сьвятых Ангелаў.
27 Праўду кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Царства Божага.
28 Сталася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Іоана і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца,
29 і сталася, як Ён маліўся, выгляд аблічча Яго зьмяніўся, і вопратка Яго сталася бе́лая, блішчастая.
30 І вось двое людзе́й гутарылі з Ім, а былі гэта Майсе́й і Ільля:
31 зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі аб сьме́рці Яго, што ме́ўся споўніць у Ерузаліме.
32 Пётр жа і быўшыя з Ім былі апанава́ны сном; прабудзіўшыся-ж, убачылі славу Яго і двох мужо́ў, стоячы з Ім.
33 І, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі: адну Табе́, адну Майсе́ю і адну Ільлі, — ня ве́даючы, што́ кажа.
34 Калі-ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і агарнула іх; і перепалохаліся, як увайшлі ў хмару.
35 І быў з хмары голас гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улю́блены; Яго слу́хайце.
36 І, калі быў голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не гаварылі ў тыя дні, што́ бачылі.
37 І сталася назаўтрае, як яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго вялікае множства народу.
38 І вось не́йкі чалаве́к з народу крыкнуў: Вучыцель: малю Цябе́! Глянь на сына майго; ён адзін у мяне́:
39 і вось дух бярэ яго, і ён ураз жа крычыць, і ірве́ць яго з пе́най; і ле́дзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
40 я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго; і яны не маглі.
41 Ісус жа адказваючы сказаў: о, род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі і буду цярпе́ць вас? Прывядзі сюды сына твайго.
42 Калі-ж той яшчэ йшоў, дух кінуў яго і затрос; але Ісус прыкрыкнуў на нячыстага духа і аздаравіў хлопца, ды аддаў яго бацьцы яго.
43 І ўсе́ дзівіліся ве́лічы Божай. Калі-ж усе́ дзівіліся ўсяму, што чынíў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
44 палажэце сабе́ ў вушы словы гэтыя: Сын Чалаве́чы будзе вы́даны ў рукі чалаве́чыя.
45 Але яны не зразуме́лі слова гэтага, і яно было закрыта ад іх, каб ня ўцяміць ім яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
46 Прыйшла-ж ім думка: хто-б з іх быў бо́льшы?
47 Ісус жа, бачучы помыслы іх сэрца, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
48 і сказаў ім: хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне́ прыйме, а хто прыйме Мяне́, той прыйме Паслаўшага Мяне; бо хто з вас ме́ншы за ўсіх, той будзе вялікі.
49 Пры гэтым Іоан сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, іме́ньнем Тваім выганя́ючага чарто́ў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
50 І сказаў яму Ісус: не забараняйце; бо хто ня проці вас, той за вас.
51 І сталася, як набліжаліся дні забра́ньня Яго, умацава́лася аблічча Яго ісьці ў Ерузалім,
52 і паслаў пасланцоў прад абліччам Сваім; і яны пайшлі, і ўвайшлі ў сяло Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго;
53 але там ня прынялі Яго, бо аблічча Яго было йдучы ў Ерузалім.
54 Бачучы-ж вучні Яго, Якаў і Іоан, сказалі: Госпадзе! ці хочаш: мы скажам, каб агонь зыйшоў з не́ба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
55 Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ве́даеце, якога вы духа;
56 бо Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ губіць душы людзкія, але спасаць. І пайшлі ў другое сяло.
57 І сталася, як яны былі ў дарозе, не́хта сказаў Яму: Госпадзе: я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.
58 Ісус сказаў яму: лісіцы маюць норы, і птушкі нябе́сныя гнезды; а Сын Чалаве́чы ня мае, дзе́ галаву прыкланіці.
59 А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне́ пе́рш пайсьці й пахаваць бацьку майго.
60 Але Ісус сказаў яму: пакінь уме́ршым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты йдзі ды абвяшчай Царства Божае.
61 Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Госпадзе! Але пе́рш дазволь мне́ папрашчацца з хатнімі маімі.
62 Але Ісус сказаў яму: ніхто не спасо́бен да Царства Божага, хто, узлажыўшы руку сваю на плуг, агляда́ецца назад.

Каментары ці зноскі:

49 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарто́ў» на → «дэманаў».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.