1 Склікаўшы-ж дванаццацёх апосталаў, даў ім моц і ўладу над усімі д’ябламі і каб аздараўляць хваробы.
2 І паслаў іх абвяшчаць каралеўства Божае і аздараўляць хворых.
3 І сказаў да іх: Нічога не бярэце ў дарогу, нікія, ні торбы, ні хлеба, ні грашэй, і ня мейце па дзьве вопраткі.
4 І які-колечы дом увойдзеце, там аставайцеся і адтуль ня выходзьце.
5 А каторыя-б не прынялі вас, выходзячы з гэнага гораду, абтрасеце нават пыл з вашых ног на пасьведчаньне проціў іх.
6 Яны-ж выйшаўшы, абходзілі па мястэчках, абвяшчаючы эванэлію і аздараўляючы ўсюды.
7 Пачуў-жа Гэрад тэтрарха аб усім, што дзеялася праз яго і сумневаўся, таму што некаторыя гаварылі, што Ян устаў з умерлых,
8 а некаторыя, што Гальяш зьявіўся, іншыя-ж, што прарок адзін з старадаўных устаў.
9 І сказаў Гэрад: Яна я сьцяў, хто-ж ёсьць гэты, аб каторым я такое чую? І стараўся пабачыць яго.
10 І вярнуўшыся апосталы расказалі яму, што-колечы яны зрабілі. І ўзяўшы іх, адыйшоў асобна на пустыннае месца, каторае ёсьць каля Бэтсайды.
11 Калі аб гэтым даведаліся грамады, пайшлі за ім. І прыняў іх, і гаварыў ім аб каралеўстве Божым, а тых, каторыя патрабавалі лячэньня, аздараўляў.
12 Дзень-жа пачаў заходзіць. І прыступіўшы, дванаццацёх, сказалі яму: Адпраў грамады, каб яны пайшоўшы ў мястэчкі і сялібы, каторыя ёсьць навакол, закватэраваліся і знайшлі ежу, бо мы тут у месцы пустынным.
13 Ён-жа сказаў да іх: Вы дайце ім есьці. А яны сказалі: У нас няма болей як пяць хлябоў і дзьве рыбы; хіба нам пайсьці і купіць ежы на ўсю гэтую грамаду.
14 Было-ж мужчын каля пяцёх тысяч. І сказаў да сваіх вучняў: Разсадзеце іх радамі па пяцьдзесят.
15 І зрабілі так, і разсадзілі ўсіх.
16 Узяўшы-ж пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, і багаславіў іх, і ламаў, і раздаваў вучням сваім, каб клалі перад грамадамі.
17 І елі ўсе, і наеліся. І набралі, што асталося пасьля іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.
18 І сталася, калі ён быў адзін молячыся, былі з ім і вучні. І спытаўся ў іх, кажучы: За каго мяне маюць грамады?
19 А яны адказалі і сказалі: За Яна Хрысьціцеля, іншыя-ж за Гальяша, а іншыя, што прарок адзін з першых устаў.
20 Ён-жа сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Сымон Пётр сказаў: За Хрыстуса Божага.
21 А ён пагразіўшы ім, загадаў, каб нікому не гаварылі гэтага,
22 кажучы: Што трэба Сыну чалавечаму многа цярпець, і быць узгарджаным старшымі, і архісьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і трэцяга дня ускрэснуць.
23 І гаварыў да ўсіх: Калі хто хочы ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой на штодзень, і няхай ідзе за мною.
24 Бо хто-б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, захавае яго.
25 Бо якую карысьць мае чалавек, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а сябе самога загубіў, і сабе шкоду зрабіў?
26 Бо хто паўстыдаецца мяне і маіх слоў, таго паўстыдаецца Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе сваей і Айца і сьвятых анёлаў.
27 Кажу-ж вам сапраўды: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага.
28 Сталася-ж пасьля гэтых слоў каля васьмі дзён, і ўзяў Пятра і Якуба і Яна, і ўзыйшоў на гару, каб памаліцца.
29 І калі ён маліўся, выгляд твару ягонага стаўся іншым, і адзеньне ягона белае і бліскучае.
30 І вось два мужы гаварылі з ім; а былі Майсей і Гальяш,
31 зьявіўшыся ў славе; і гаварылі аб адыходзе ягоным, якога ён меў даканаць у Ерузаліме.
32 Пётр-жа і тыя, што былі з ім, былі абцяжаны сном. І прачнуўшыся, яны ўбачылі славу яго і двух мужоў, якія стаялі з ім.
33 І сталася, калі адыходзілі ад яго, сказаў Пётр да Езуса: Вучыцель, добра нам тут быць; і зрабем тры палаткі, адну табе, і адну Майсею, і адну Гальяшу, — ня ведаючы, што гаварыў.
34 Калі-ж ён гэтае гаварыў, стаўся воблак і ахінуў іх, і збаяліся, калі тыя ўваходзілі ў воблак.
35 І стаўся голас з воблаку, кажучы: Гэта Сын мой мілы, яго слухайце.
36 А калі стаўся голас, знойдзены быў Езус адзін. А яны маўчалі, і нікому нічога не гаварылі ў гэныя дні аб тым, што бачылі.
37 Сталася-ж у наступны дзень, калі яны зыходзілі з гары, пераняла іх вялікая грамада.
38 І вось чалавек з грамады закрычаў, кажучы: Вучыцель, малю цябе, узглянь на сына майго, бо ён адзін у мяне.
39 І вось дух хватае яго, і раптам крычыць, і кідае і торгае яго, і ледзь адыходзіць, змучаўшы яго.
40 І прасіў я вучняў тваіх, каб выгналі яго, і не маглі.
41 Адказваючы-ж Езус сказаў: О родзе няверны і сапсуты, дакуль жа я буду ў вас і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго.
42 А калі падыходзіў, д’ябал кінуў яго і заторгаў.
43 І прыгразіў Езус духу нячыстаму і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
44 І астаўпянелі ўсе дзеля вялікасьці Божай. Калі-ж усе дзівіліся з усяго, што чыніў, сказаў сваім вучням: Кладзеце вы ў сарцох вашых гэтыя словы: бо прыйдзе час, што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей.
45 Але яны не зразумелі гэтага слова, і было закрытае прад імі, так што не панялі яго; і баяліся пытацца ў яго аб гэтым слове.
46 І ўвайшла ў іх думка, хто з іх большы.
47 А Езус, бачачы думкі сэрца іх, узяў дзіця і паставіў яго каля сябе
48 і сказаў ім: Хто-б прыняў гэтае дзіця ў імя маё, мяне прыймае, а хто-б мяне прыняў, прыймае таго, хто паслаў мяне. Бо хто ёсьць меншы спаміж вас усіх, той большы ёсьць.
49 Адказваючы-ж Ян сказаў: Вучыцель, мы бачылі нейкага ў імя тваё выганяючага д’яблаў і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
50 І сказаў да яго Езус: Не забараняйце, бо хто ня ёсьць проціў вас, за вас ёсьць.
51 І сталася, калі выпаўняліся дні ўзяцьця яго, і ён уцьвярдзіў свой твар, каб ісьці ў Ерузалім.
52 І паслаў пасланцоў прад воблікам сваім; і ідучы яны ўвайшлі ў горад самаранаў, каб яму прыгатовіць.
53 І не прынялі яго, бо твар ягоны быў ідучага ў Ерузалім.
54 Калі-ж увідзелі вучні ягоны, Якуб і Ян, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і спаліў іх?
55 А ён зьвярнуўшыся, насварыўся на іх, кажучы: Вы ня ведаеце, чыйго вы духа.
56 Сын чалавечы ня прыйшоў губіць душаў, але збаўляць. І адыйшлі ў іншае мястэчка.
57 Сталася-ж, калі яны ішлі, у дарозе сказаў нейкі да яго: Пайду за табою, дзе толькі пойдзеш.
58 Сказаў яму Езус: Лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы скланіць.
59 І сказаў да другога: Ідзі за мною. А той сказаў: Пане, пазволь мне перш апйсьці і пахаваць бацьку майго.
60 І сказаў яму Езус: Пакінь, няхай умерлыя хаваюць сваіх умерлых, а ты ідзі і абвяшчай каралеўства Божае.
61 І сказаў другі: Пайду за табою, Пане, але пазволь мне перш разстацца з тымі, хто дома ёсьць.
62 Сказаў да яго Езус: Ніводзен, хто кладзе руку сваю на плуг і аглядаецца назад, ня прыдатны да каралеўства Божага.
Каментары ці зноскі:
3 Гл. Мт. 10:10 і Мк. 6:8.
18 Гл. Мт. 16:13 і наст.
30 Гл. Мт. 17:1 і наст.
31 «Гаварылі аб адыходзе» г. зн. аб сьмерці Е. Хрыста. Такім чынам Бог праз вусны двух найбольшых мужоў Ст. Закону сьцьвярджае, што трэба, каб Мэсыяш цярпеў і памёр, а ў гэта вучні так не хацелі верыць.
34 Ацяніў і х г. зн. Езуса, Майсея і Гальяша.
45 Гл. Мк. 9:31.
50 Гл. Мк. 9:39.
51 «Уцьвярдзіў свой твар» — спосаб выражэньня гэбрайскі і азначае моцную і цьвёрдую пастанову скіравацца куды або зрабіць нешта.
53 Хрыста, як ідучага ў Ерузалім, самаране не прынялі, бо паміж жыдамі і самаранамі трывала адвечная спрэчка ў справе, дзе трэба пакланяцца Богу: у Ерузаліме, ці на гарэ Гарызім.
54 Гэтае няпрыняцьце Хрыста самаранамі так абурыла гарачых сыноў Зэбэдэя, што яны зажадалі помсты Божай — пяруноў на гэты горад, але Езус не пахваліў гэтага. У Марка (3:17) абодва браты завуцца «сынамі грому».
62 Хто, пайшоўшы за Хрыстом, зварочваецца з думках сваіх да асоб або прадметаў, якія аставіў у сьвеце, той ня прыдатны для працы на ніве Божага валадарства. Хрыстус хоча мець людзей шчырых і суцэльна яму адданых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.