Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 7 Паводле Лукаша 7 разьдзел

1 Калі-ж скончыў усе свае словы да вушэй народу, увайшоў у Капарнаум.
2 Аднаго-ж сотніка слуга, каторы для яго быў дарагі, дрэнна маючыся, быў пры сьмерці.
3 І калі пачуў аб Езусе, паслаў да яго старшых жыдоўскіх, просячы яго, каб прыйшоў і аздаравіў яго слугу.
4 Яны-ж, прыйшоўшы да Езуса, прасілі яго моцна, кажучы яму: Што ён варт, каб ты яму гэтае зрабіў,
5 бо ён любіць наша народ і ён збудаваў для нас бажніцу.
6 Езус-жа пайшоў з імі. І калі ўжо быў недалёка ад дому, сотнік прыслаў да яго прыяцеляў, кажучы: Пане, не трудзіся, бо я ня варт, каб ты ўвайшоў пад дах мой.
7 Дзеля гэтага і сябе самога я ўважаў, што ня варт, каб прыйсьці да цябе. Але скажы словам і аздаравее слуга мой.
8 Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою жаўнераў; і кажу гэтаму: «Ідзі» — і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі» — і ён прыходзіць, а слузе майму: «Рабі гэтае» — і ён робіць.
9 Пачуўшы гэтае, Езус зьдзівіўся і, абярнуўшыся, сказаў да ідучых за ім грамадаў: Сапраўды кажу вам, і ў Ізраілю я не знайшоў такой вялікай веры.
10 І вярнуўшыся дамоў тыя, каторыя былі пасланы, знайшлі слугу, каторы хварэў, здаровым.
11 І сталася потым, ён ішоў у места, якое завецца Наім, і ішлі з ім вучні ягоны і вялікая грамада.
12 Калі-ж прыбліжаўся да брамы места, вось выносілі нябошчыка, адзінага сына ягонай маткі, а гэтая была ўдавою; і з ею вялікая грамада з места.
13 Калі ўбачыў яе Пан, зьміласердзіўшыся над ею, сказаў ей: Ня плач.
14 І падыйшоў, і дакрануўшыся да мараў, а тыя, што нясьлі, сталі. І сказаў: Хлопча, табе кажу, устань.
15 І сеў, каторы быў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго матцы ягонай.
16 І зьняў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: Што прарок вялікі паўстаў паміж нас, і што Бог адведаў народ свой.
17 І разыйшлася гэтая мова аб ім па ўсей Юдэі і кругом па ўсей ваколіцы.
18 І далі знаць Яну вучні ягоны аб усім гэтым.
19 І Ян паклікаў двух з сваіх вучняў і паслаў да Езуса, кажучы: Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога?
20 Калі-ж прыйшлі да яго мужы, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да цябе, кажучы: «Ці ты той, каторы маеш прыйсьці, ці чакаць нам другога?»
21 А ў тую часіну ён многіх аздаравіў ад хваробаў і цярпеньняў і злых духаў, і многіх сьляпых абдарыў зрокам.
22 І адказваючы сказаў ім: Пайшоўшы перакажэце Яну, што вы чулі і бачылі: Што «сьляпыя відзяць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя робяцца чыстымі, глухія чуюць, умерлыя ўскрасаюць, убогім абвяшчаецца эванэлія».
23 І багаслаўлены, хто ня згоршыцца з мяне.
24 Калі-ж адыйшлі паслы Янавы, пачаў гаварыць да грамадаў аб Яне: Што вы выйшлі ў пустыню пабачыць? Трысьціну, што хістаецца ад ветру?
25 Але што вы выйшлі пабачыць? Чалавека адзетага ў мяккую адзежу? Вось тыя, што ў дарагім адзеньні і ў роскашах, ёсьць у каралеўскіх дамох.
26 Але што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Сапраўды кажу вам, і больш чым прарока.
27 Гэта той, аб каторым напісана (Мал. 3:1): «Вось я паслаў анёла майго перад воблікам тваім, які прыгатуе шлях твой перад табою».
28 Бо я вам кажу: Спаміж роджаных жанчынамі ніводзен прарок ня ёсьць большы за Яна Хрысьціцеля. Але той, каторы ёсьць меншы ў каралеўстве Божым, ёсьць большы за яго.
29 І чуючы ўвесь народ і мытнікі, прызналі Божую справядлівасьць, ахрысьціўшыся хростам Яна;
30 але фарызэі і законазнаўцы адкінулі намер Божы адносна іх, не ахрысьціўшыся ў яго.
31 І сказаў Пан: Дык да каго падобнымі назваў я людзей гэтага роду? І да каго яны падобны?
32 Яны падобны да хлопчыкаў, сядзячых на рынку і гаворачых адзін да другога і кажучых: «Мы ігралі вам на дудках, а вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі».
33 Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, каторы ня еў хлеба і ня піў віна, а вы кажаце: Д’ябэльства мае.
34 Прыйшоў Сын чалавечы, каторы есьць і п’е, а вы кажаце: Вось чалавек, каторы любіць есьці і піць віно, друг мытнікаў і грэшнікаў.
35 І апраўдана мудрасьць усімі сынамі яе.
36 Прасіў-жа яго адзін з фарызэяў, каб еў з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарызэя, сеў за стол.
37 І вось жанчына, якая была грэшніца ў месьце, як даведалася, што сядзеў за сталом у доме фарызэя, прынясла алябастар алейку,
38 і стаўшы ззаду каля ног ягоных, пачала слязьмі абліваць ногі яго, і мазала алейкам.
39 А бачачы фарызэй, каторы быў яго паклікаў, сказаў у сабе, кажучы: Калі-б ён быў прарокам, то пэўне ведаў бы, хто і якая гэта жанчына, што дакранаецца да яго, бо яна грэшніца.
40 І адказваючы Езус сказаў да яго: Сымон, маю табе нешта сказаць. Ён-жа сказаў: Вучыцель, скажы.
41 У ваднаго крэдытара было двух даўжнікоў: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят.
42 Калі яны ня мелі скуль аддаць, дараваў абодвым. Дык каторы яго болей любіць?
43 Адказваючы Сымон сказаў: Думаю, што той, катораму больш дараваў. Ён-жа сказаў яму: Справядліва ты разсудзіў.
44 І зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у твой дом, ты ня даў вады на ногі мае, а яна слязьмі абліла ногі мае і валасамі сваімі выцерла.
45 Ты не даў мне цалунку, а яна як толькі ўвайшла, не перастала цалаваць ног маіх.
46 Ты не памазаў алівай галавы маей, а яна алейкам памазала ногі мае.
47 Дзеля гэтага кажу табе: Адпушчаецца её многа грахоў, бо многа ўзлюбіла. Каму-ж мней адпушчаецца, той меней любіць.
48 І сказаў да яе: Адпушчаюцца табе грахі.
49 І пачалі тыя, што разам сядзелі, казаць самі ў сабе: Хто гэта такі, што нават грахі адпушчае?
50 Ён-жа сказаў да жанчыны: Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі.

Каментары ці зноскі:

14 Жыды не хавалі сваіх умерлых у труне, але ўкручвалі іх у палотны, абвязвалі іх тасьмамі і выносілі іх на марах на магільнік, дзе хавалі іх у высечаных у скалах грабох.

17 Гэта было першае ўскрашэньне ўмерлага, аб якім гаворыць эванэлія.

19 Ян паслаў сваіх вучняў да Езуса, ужо будучы ў вастрозе

20 Гл. Мт. 11:3 і наст.

35 Гл. Мт. 11:19.

37 Жанчына гэта праўдападобна ня была сястрой Марты і Лазара з Бэтаніі, але нейкая іншая.

44 Гасьця на ўсходзе прыймалі з вялікай пашанай. Гаспадар, вітаючы, цалаваў яго; даваў яму вады на абмыцьцё запыленых ног, галаву спырсківаў пахнучым алейкам. Гэтага ўсяго Сымон не зрабіў адносна Езуса і ня споўніў правілі гасьціннасьці.

47 Словы: «каму-ж меней адпушчаецца, той меней любіць» адносяцца да Сымона і маюць такое значэньне: Ты, Сымоне, думаеш, што мала маеш вінаў перад Богам, а думаеш так затым, што мала яго любіш. А як мала любіш, то мала табе і адпушчаецца.

50 Супакой — гэта адзін з тых дараў, якія Хрыстус прынёс з сабою на зямлю для адзінак і ўсяго чалавецтва.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.