1 Калі ж Ён скончыў усе сло́вы Свае да народу, які слухаў, то ўвайшоў у Капернау́м.
2 У аднаго сотніка раб, якім ён даражы́ў, быў хворы пры смерці.
3 Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын іудзейскіх, про́сячы Яго, каб прыйшоў ацалíць раба яго.
4 І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён ва́рты, каб Ты зрабіў для яго гэта,
5 бо ён лю́біць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.
6 Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не ва́рты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
7 таму і сябе само́га я не палічыў годным, каб прыйсцí да Цябе; але скажы слова, і вы́здаравее слуга мой.
8 Бо і я, чалавек, падпарадкава́ны ўла́дзе, але, ма́ючы паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзí», і прыходзіць; і рабу майму: «зрабі гэта», і робіць.
9 Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярну́ўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такой веры.
10 І, вярнуўшыся ў дом, пасла́ныя знайшлі хворага раба здаровым.
11 І ста́лася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наíн; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.
12 Калі ж Ён наблізіўся да гарадской бра́мы, якраз выно́сілі паме́рлага, адзінага сы́на ў маці сваёй, а яна была́ ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.
13 Убачыўшы яе, Гасподзь злíтаваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.
14 І, падышоўшы, дакрану́ўся да насілак; тыя, што не́слі, спынíліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.
15 І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.
16 І ахапíў усіх страх, і сла́вілі Бога, ка́жучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.
17 І гэтае слова пра Яго разышло́ся па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.
18 І паве́дамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
19 І, паклíкаўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?
20 Прыйшо́ўшы да Яго, гэтыя мужы́ сказалі: Іаан Хрысцíцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?
21 А ў гэты час Ён многіх ацалíў ад хвароб і не́мачаў і злых духаў і многім сляпым падарава́ў зрок.
22 І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзíце, паве́даміце Іаану, што́ вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца віду́шчымі, кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца, глухія чу́юць, мёртвыя ўваскраса́юць, убогія дабраве́сцяць;
23 і блажэ́нны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.
24 А калі адышлі пасланцы́ Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? трысцíну, ве́трам калыха́ную?
25 Што́ ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве́, тыя ў царскіх палацах.
26 Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
27 Гэта той, пра каго напíсана: «вось, Я пасыла́ю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
28 Бо кажу вам: з наро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Божым бо́льшы за яго.
29 І ўвесь народ, што слухаў, і мы́тнікі прызна́лі правату́ Бога, хрысцíўшыся хрышчэ́ннем Іаанавым;
30 а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысцíўшыся ад яго.
31 І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і акліка́юць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жало́бнае, а вы не плакалі.
33 Бо прыйшоў Іаан Хрысцíцель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы ка́жаце: у ім дэман.
34 Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы ка́жаце: вось чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам.
35 І апраўда́на мудрасць усімі дзе́цьмі яе.
36 Нехта з фарысеяў прасіў Яго пае́сці ра́зам з ім, і Ён, увайшо́ўшы ў дом фарысея, узлёг.
37 І вось, жанчына з таго горада, якая была́ грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён узляжы́ць у доме фарысея, прыне́сла алеба́стравую пасу́дзіну мíра
38 і, стаўшы ззаду каля́ ног Яго, пла́чучы, пачала́ абліва́ць слязьмí но́гі Яго і валаса́мі галавы сваёй выціра́ла, і цалава́ла но́гі Яго, і ма́зала мíрам.
39 Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.
40 І, адка́зваючы, Іісус сказаў яму: Сíмане! Я ма́ю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.
41 Іісус сказаў: у аднаго пазыкада́ўцы было́ два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;
42 але, паколькі яны не ме́лі чым заплацíць, ён дарава́ў або́двум. Каторы з іх, скажы, больш узлю́біць яго?
43 І сказаў Сíман у адказ: думаю, той, якому больш дарава́ў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзíў.
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сíману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады́ Мне на но́гі не даў; а яна сляза́мі абліла́ Мне но́гі і валаса́мі галавы́ сваёй вы́церла.
45 Ты цалава́ння мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не перастава́ла цалава́ць Мне но́гі.
46 Ты галавы́ Маёй алеем не памазаў, яна ж мíрам пама́зала Мне но́гі.
47 А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбíла многа; а каму ма́ла адпуска́ецца, той ма́ла лю́біць.
48 І ёй сказаў: адпуска́юцца табе грахі.
49 І пачалí тыя, што ўзляжа́лі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?
50 Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мíрам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Лукі, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017