1 Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблíччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
2 і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.
3 Ідзíце! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
4 Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.
5 Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
6 і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;
7 і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пíце, што ў іх ёсць; бо працаўнíк ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дому ў дом.
8 І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;
9 і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблíзілася да вас Царства Божае.
10 А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:
11 і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблíзілася да вас Царства Божае;
12 кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.
13 Го́ра табе, Харазíне! го́ра табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасянíцы і по́пеле, пака́яліся;
14 але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.
15 І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.
16 Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.
18 Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
19 вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;
20 аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запíсаны на нябёсах.
21 У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.
22 І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына, і каму Сын хоча адкры́ць.
23 І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;
24 бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
25 І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
26 Ён жа сказаў яму: у законе што́ напíсана? я́к чытаеш?
27 Той жа сказаў у адказ: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім», і «бліжняга твайго, як само́га сябе».
28 Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабí гэта, і будзеш жыць.
29 Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
30 На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакíнуўшы ледзь жывога.
31 Выпадкова адзін свята́р ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левíт, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.
33 А нейкі Самаранíн, што быў ў дарозе, натра́піў на яго і, ўбачыўшы яго, зжа́ліўся,
34 і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзíўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
35 а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасцíніцы, і сказаў яму: паклапацíся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.
36 Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блíжнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?
37 Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.
38 І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, íмем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;
39 і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
40 Марфа ж клапацíлася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакíнула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.
41 Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,
42 а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Лукі, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017