Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Лукі 11 Паводле Лукі 11 разьдзел

1 І ста́лася: калі Ён маліўся ў адным ме́сцы, і як пераста́ў, нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! навучы́ нас маліцца, як і Іаан навучы́ў вучняў сваіх.
2 Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Ойча наш, Які ў нябёсах! няха́й свяцíцца імя́ Тваё; няха́й пры́йдзе Царства Тваё; няха́й будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі;
3 хлеб наш надзённы дава́й нам кожны дзень;
4 і дару́й нам грахі нашы, бо і мы дару́ем кожнаму даўжніку́ нашаму; і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога.
5 І сказаў ім: хтосьці з вас, ма́ючы ся́бра, пры́йдзе да яго апо́ўначы і скажа яму: дру́жа! пазы́ч мне тры хлябы́,
6 бо ся́бар мой прыйшоў да мяне з дарогі, і не ма́ю чаго даць яму;
7 а той знутры́ скажа ў адказ: не турбу́й мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае́ пры мне ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе.
8 Кажу вам: калі ён не ўста́не і не дасць дзе́ля таго, што ён ся́бар яго, то з-за неадсту́пнасці яго ўста́не і дасць яму, колькі трэ́ба.
9 І Я вам кажу: прасíце, і да́дзена будзе вам; шука́йце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам;
10 бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.
11 Хіба́ каторы бацька з вас, калі сын папро́сіць у яго хле́ба, пада́сць яму ка́мень? або папро́сіць рыбы, хіба́ заме́ст ры́біны пада́сць яму змяю?
12 або, калі папросіць яйка, хіба́ падасць яму скарпіёна?
13 Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхíмі, уме́еце дары́ добрыя дава́ць дзе́цям вашым, тым бо́лей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто про́сіць у Яго.
14 І выганя́ў Ён дэмана, які быў нямы́; і ста́лася: калі дэман выйшаў, нямы́ загаварыў, і здзівíліся людзі.
15 Некато́рыя ж з іх казалі: сілаю веельзеву́ла, кня́зя дэманскага, Ён выганя́е дэманаў.
16 А іншыя, спакуша́ючы, патрабава́лі ад Яго знаме́ння з неба.
17 Ён жа, ве́даючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, само́е ў сабе раздзе́ленае, запусце́е, і дом на дом па́дае;
18 калі ж і сатана сам у сабе раздзе́ліцца, то як устаíць царства яго? а вы ка́жаце, што Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў;
19 і калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.
20 Калі ж Я пярсто́м Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
21 Калі ду́жы, узбро́іўшыся, ахо́ўвае свой двор, то ў бяспе́цы маёмасць яго;
22 калі ж дужэ́йшы за яго, напа́ўшы, перамо́жа яго, то забярэ́ ўсю зброю яго, на якую той спадзява́ўся, і здабы́тае ў яго разда́сць.
23 Хто не са Мною, той су́праць Мяне, і хто не збіра́е са Мною, той раскіда́е.
24 Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцíнах, шука́ючы спакою, і, не знахо́дзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я вы́йшаў;
25 і, прыйшоўшы, застае́ яго падме́ценым і прыбра́ным;
26 тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, увайшоўшы, яны жыву́ць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.
27 І ста́лася: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвы́сіўшы голас, сказала Яму: блажэ́ннае ўлонне, якое насіла Цябе, і гру́дзі, якія Ты ссаў.
28 А Ён сказаў: тым больш блажэ́нныя тыя, што слу́хаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
29 Калі ж стала збірацца ўсё больш народу, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхí, ён шукае знаме́ння, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іо́ны прарока;
30 бо як Іо́на быў знаме́ннем для Ніневíцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
31 Царыца Поўдня ўстане на судзе́ з людзьмí роду гэтага і асу́дзіць іх, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслу́хаць му́драсці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
32 Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іо́наву; і вось, тут бо́льшае за Іо́ну.
33 Ніхто, запалíўшы све́чку, не ставіць яе ў патае́мным ме́сцы, ні пад пасу́дзінай, а на падсве́чніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
34 Свяцíльнік це́лу ёсць вока; калі вока тваё здаровае, то і ўсё це́ла тваё светлае; калі ж няго́днае, то і це́ла тваё цёмнае;
35 дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было́ це́мрай.
36 Калі ж усё це́ла тваё светлае, і не ма́е ніводнай цёмнай часткі, то будзе яно светлае ўсё так, як бы свяцíльнік ззя́ннем асвятля́ў цябе.
37 Калі Ён сказаў гэта, прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабе́даў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
38 Фарысей жа, уба́чыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.
39 А Гасподзь сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, зво́нку ча́шу і блю́да ачышча́еце, а нутро́ ваша поўнае хцíвасці і злобы.
40 Неразу́мныя! ці ж не Той, Хто ствары́ў во́нкавае, ствары́ў і ўну́транае?
41 Аднак падава́йце мíласціну з таго, што ўнутры́; тады ўсё для вас чы́стае будзе.
42 Але гора вам, фарысеям, што даяце́ дзесяцíну з мя́ты і ру́ты, і ўсяля́кай агаро́дніны, ды не дба́еце пра суд і любоў Божую; гэта трэба было́ рабіць, і таго не пакіда́ць.
43 Гора вам, фарысеям, што лю́біце напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і каб віта́лі вас на пло́шчах.
44 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што вы — як магíлы непрыкме́тныя, і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.
45 У адказ нехта з законнікаў кажа Яму: Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажа́еш.
46 А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора, што абцяжа́рваеце людзей цяжа́рамі невыно́снымі, а самі ніводным пальцам сваім не дакрана́ецеся да цяжа́раў тых.
47 Гора вам, што буду́еце грабнíцы прарокам, а бацькí вашы забілі іх;
48 значыць, вы све́дчыце пра ўчы́нкі бацькоў вашых і згаджа́ецеся з імі: бо яны забілі іх, а вы буду́еце ім грабнíцы.
49 Таму і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і некато́рых з іх заб’юць, а некато́рых будуць гнаць,
50 каб была́ спагна́ная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралíтая ад стварэ́ння свету,
51 ад крывí Авеля да крывí Заха́рыі, які загінуў паміж ахвя́рнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагна́ная з роду гэтага.
52 Гора вам, законнікам, што вы ўзялí ключ пазна́ння: самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашко́дзілі.
53 Калі ж Ён гаварыў ім гэта, кніжнікі і фарысеі пачалí жорстка напада́ць на Яго і дапы́твацца ў Яго пра многае,
54 падсцерага́ючы Яго і стара́ючыся падлавíць на не́чым з ву́снаў Яго, каб абвінава́ціць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Лукі, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.