Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі 7 Эвангельле Лукі 7 разьдзел

1 Калі Ён скончыў усю гутарку Сваю да слу́хаючага народу, то ўвайшоў у Капэрнаум.
2 У аднаго-ж сотніка слуга́, якога той цаніў, быў хворы пры сьме́рці.
3 Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго Юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу яго.
4 І яны, прыйшоўшы да Ісуса, крэпка прасілі Яго, кажучы: ён варт, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
5 бо ён любіць народ наш і паставіў нам школу.
6 Ісус пайшоў з імі. І, калі Ён недалёка ўжо быў ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе! бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху́ маю́,
7 бо і сябе́ самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе́; але скажы слова, і паздараве́е слуга́ мой;
8 бо і я ма́ю над сабою ўладу, але маю і пад сабою жаўне́раў; кажу аднаму — пайдзі, і йдзе́; і другому: прыдзі, і прыходзіць; і слузе́ майму: зрабі тое, і зробіць.
9 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, абярнуўшыся, сказаў ішоўшаму за Ім народу: кажу вам, што і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткае ве́ры.
10 Пасланыя, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу́ паздараве́ўшым.
11 Пасьля гэтага Ісус пайшоў да ме́ста, называнага Наім; і з Ім ішлі многія з вучняў Яго ды множства народу.
12 Калі-ж Ён падыйшоў да мястовае брамы, тут выносілі паме́ршага адзінага сына ў маткі, а яна была ўдава; і многа народу йшло з ёю з ме́ста.
13 Угле́дзіўшы яе́, Госпад зьлітаваўся над ёю ды сказаў ёй: ня плач.
14 І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; нёсшыя затрымаліся; і Ён сказаў: хлопча! табе́ кажу: устань!
15 Уме́ршы, падняўшыся, се́ў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус матцы яго.
16 І ўсіх зьняў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў міжы намі, і Бог адве́даў народ Свой.
17 І разыйшлося слова гэтае аб Ім па ўсёй Юдэі і па ўсіх ваколіцах.
18 І паведамілі Іоана вучні Яго аб усім гэтым.
19 І, паклікаўшы двох з вучняў сваіх, Іоан паслаў іх да Ісуса спытацца: ці Ты Той, Каторы павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
20 Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Іоан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе́ спытацца: ці Ты Той, Катораму нале́жыць прыйсьці, ці чакаць нам другога?
21 А ў гэты час Ён многіх аздараўляў ад хвароб, і недамага́ньняў і ад злых духаў, і многім сьляпым варочаў зрок.
22 І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, скажэце Іоану, што вы бачылі і чулі: сьляпыя пачынаюць бачыць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, паме́ршыя ўскрасаюць, і ўбогім абвяшча́ецца эва́нгельле.
23 І шчасьлівы, хто не спаку́сіцца ад Мяне́.
24 Калі-ж пасланыя Іоанам пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Іоана: што глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну ве́трам калыханую?
25 Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія вопраткі? Але пышна адзе́тыя і раскошна жыву́чыя знаходзяцца пры дварох царскіх.
26 Што-ж глядзе́ць хадзілі вы? ці прарока? Так, кажу вам, і бале́й за пророка.
27 Гэта ёсьць, аб якім напісана: вось Я пасылаю а́нгела Майго перад абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малахія 3:1).
28 Бо кажу вам: з ро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іоана Хрысьціцеля; але ме́ншы ў Царстве Божым большы за яго.
29 І ўве́сь народ, які слухаў Яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хры́сьцячыся хрышчэньнем Іоанавым;
30 а фарысэі й законьнікі адкінулі раду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў Яго.
31 Тады Госпад сказаў: да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобны?
32 Яны падобны да дзяце́й, што сідзяць на вуліцы, клічуць адзін аднаго і кажуць: мы йгралі вам на жале́йцы, і вы не скакалі; мы сьпява́лі вам сумныя пе́сьні, і вы ня пла́калі.
33 Бо прыйшоў Іоан Хрысьціцель; ні хле́ба ня е́сьць, ні віна ня п’е́ць; і кажуць: у ім злы дух.
34 Прыйшоў Сын Чалаве́чы; е́сьць і п’е́ць; і кажуць: вось чалаве́к, каторы любіць е́сьці і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў.
35 І апраўданы розум усімі дзяцьмі яго.
36 Не́хта з фарысэяў прасіў Яго пае́сьці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
37 І вось жанчына з таго ме́ста, якая была грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён супачывае ў доме фарысэя, прыне́сла аляба́стравую судзіну з але́ем;
38 і, стануўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі і выціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яго і ма́зала але́ем.
39 Бачучы гэтае, фарысэй, што быў запрасіў Яго, сказаў сам да сябе́: калі-б Ён быў прарок, то ве́даў бы, хто і якая жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.
40 Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымон! Я ма́ю штось сказаць табе́. Ён кажа: скажы, Вучыцелю!
41 Ісус сказаў: у аднаго крэды́тара былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят;
42 але, як яны ня ме́лі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы-ж, каторы з іх бале́й узьлюбіць яго?
43 Сымон адказаў: думаю, той, катораму бале́й дараваў. Ён сказаў яму: справядліва ты рассудзіў.
44 І, зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне́ на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне́ ногі і валосьсем галавы сваёй выцерла.
45 Ты цалаваньня Мне́ ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае́ цалаваць Мне́ ногі.
46 Ты галавы Мне́ маслам не памазаў; а яна але́ем памазала Мне́ ногі.
47 Дзеля гэтага кажу табе́: даруюцца многія грахі яе́ за тое, што яна многа ўзьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць.
48 А ёй сказаў: адпускаюцца табе́ грахі.
49 І супачываўшыя разам з Ім пачалі гаварыць у сабе́: хто Ён такі, што і грахі адпускае?
50 Ён жа сказаў жанчыне: ве́ра твая спасла цябе́; ідзі з мірам.

Каментары ці зноскі:

5 школа = сынагога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.