1 Тымчасам сабраліся тысячы народу, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён зачаў гаварыць сьпярша да вучняў Сваіх: сьцеражыцеся перадусім рашчыны фарысэйскай, або крывадушнасьці.
2 Няма нічога тайнага, што ня выявілася-б, і ўкрытага, аб чым не даве́даліся-б;
3 дык, што вы сказалі ў цемнаце́, тое пачуеце ў сьвятле́; і што гаварылі навуха ў хаце, тое будзе абве́шчана на стрэхах.
4 Кажу-ж вам, дру́гі маі: ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;
5 але кажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у гее́нну: запраўды, кажу вам, таго бойцеся.
6 Ці ня пяць малых птушак прадаюцца за два асары? і ніводная з іх не забыта ў Бога.
7 А ў вас і валасы на галаве́ ўсе́ палічаны. Дык ня бойцеся: вы даражэй за многіх малых птушак.
8 Кажу-ж вам: усякага, хто вызнава́ціме Мяне́ перад людзьмі, і Сын Чалаве́чы вызна́е перад Ангеламі Божымі;
9 а хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго адракуцца перад Ангеламі Божымі.
10 І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалаве́чага, даро́вана будзе, а хто блю́зьніцьме на Сьвятога Духа, таму ня будзе даро́вана.
11 Калі-ж прывядуць вас у школы, да ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, ці што гаварыць:
12 бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба гаварыць.
13 Не́хта з народу сказаў Яму: Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай.
14 Ён жа сказаў таму чалаве́ку: хто паставіў Мяне́ судзіць ці дзяліць вас?
15 Пры гэтым сказаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся прагавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалаве́ка не залежыць ад дастаткаў яго, якія ма́е.
16 І сказаў ім прыповесьць: у аднага бага́тага чалаве́ка быў добры ўраджай у полі;
17 і ён разважаў сам з сабою: што мне́ рабіць? Не́куды мне́ злажыць плады маі?
18 І сказаў: вось, што зро́блю: разьбяру гумны мае́ і пабудую большыя, і зьбяру туды ўве́сь хлеб мой і ўсё дабро маё,
19 і скажу душы маёй: душа! многа дабра́ ляжыць у цябе́ на многія гады́: е́ш, пі, весяліся.
20 Але Бог сказаў яму: неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе́; каму-ж даста́нецца тое, што ты прыдбаў?
21 Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе́, а ня ў Бога багаце́е.
22 І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашай, што вам е́сьці, ні дзеля це́ла, у што адзе́цца:
23 душа больш за е́жу, і це́ла — за адзе́жу.
24 Паглядзіце на гругано́ў: яны ня се́юць, ні жнуць; няма у іх сховаў, ні гумнаў, і Бог жывіць іх; наколькі ж вы ле́пшыя за птушак?
25 Дый хто з вас, турбуючыся, можа дада́ць сабе́ росту хоць на адзін локаць?
26 Дык вось, калі і найме́ншага ўчыніць ня можаце, што-ж турбуецеся аб іншае?
27 Паглядзіце на ліле́і, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам, што і Салямон у ўсёй свае́й славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
28 Калі-ж траву на полі, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе кінена ў пе́ч, Бог так адзявае, то тым бале́й вас, малаве́ры.
29 Дык ня шукайце-ж, што́ вам е́сьці, ці што піць, і ня турбуйцеся,
30 бо ўсяго гэтага шукаюць людзі гэтага сьве́ту; ваш жа Аце́ц ве́дае, што вам гэтае патрэбна;
31 найбале́й шукайце Царства Божага, і тое ўсё дададу́ць вам.
32 Ня бойся, малое стада; бо Аце́ц ваш упадабаў даць вам Царства.
33 Прадава́йце мае́масьці вашыя і давайце міласьцівыя ахвяры. Прыгатоўвайце сабе́ мяшкі нестарэючыя, скарб, што ня ўбывае на нябёсах, куды злодзей не дабіраецца, і дзе́ моль не зьядае.
34 Бо дзе́ скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
35 Няхай будуць паясьніцы вашыя падпераза́ныя і сьве́тачы запа́леныя;
36 і вы падобны да людзе́й, што чакаюць павароту гаспадара свайго з вясе́льля, каб, як прыйдзе ды пастукаецца, ураз адчыніць яму.
37 Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар прыйшоўшы знойдзе на нага́х; запраўды кажу вам: ён падперажэцца і пасадзіць іх і, падыйшоўшы, пачне́ служыць ім.
38 І калі прыйдзе ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі гэныя!
39 Вы ве́даеце, што, калі-б ве́даў гаспадар дому, у якой гадзіне прыйдзе зло́дзей, то ня спаў бы і не дапусьціў бы падкапацца пад дом яго;
40 будзьце-ж і вы гатовы, бо Сын Чалаве́чы прыйдзе ў гадзіне, аб якой ня думаеце.
41 Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?
42 Госпад жа сказаў: каторы ве́рны й разумны эканом, што гаспадар паставіў яго над слугамі сваімі раздава́ць ім у свой час ме́ру хле́ба?
43 Шчасьлівы той слуга́, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта:
44 запраўды кажу вам, што над усёй мае́масьцю сваёй паставіць яго.
45 Калі-ж слуга́ гэты скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой; і пачне́ біць слуг ды служа́нак, е́сьці й піць і ўпівацца;
46 то прыйдзе гаспадар слугí гэнага ў той дзе́нь, калі ён не чакае, і ў гадзіну, у якой ня думае, і адлучыць яго і ўчыніць яму адзін лёс з няве́рнымі.
47 Слуга-ж той, які ве́даў волю гаспадара свайго і ня быў гатовы, і не рабіў па волі яго, будзе крэпка біты,
48 а каторы ня ве́даў і зрабіў ва́ртае кары, біты будзе ме́ней. І ад кожнага, каму да́дзена многа, многа і вымагацца будзе, і каму многа даручана, з таго больш зы́шчуць.
49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і я́к хаце́ў бы, каб ён ужо загарэўся!
50 Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і я́к Я тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!
51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не́, кажу вам, але разьдзяле́ньне.
52 Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца, трое проці двох і двое проці трох;
53 бацька будзе проці сына, і сын проці бацькі; маці проці дачкí, і дачка́ проці маткі; сьвякроў проці няве́сткі свае́й, і няве́стка проці сьвякрові свае́.
54 Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, падыймаючыся з захаду, ураз кажаце: дождж будзе; і стае́цца гэтак;
55 і калі дзьме́ паўдзённы ве́цер, ка́жаце: сьпе́ка будзе, і стае́цца.
56 Крывадушныя! аблічча зямлі і не́ба распазнаваць уме́еце, я́к жа часу гэтага не пазнаецё?
57 Чаму-ж і вы па сабе́ самых ня судзіце, што́ мусіць быць?
58 Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён ня прывёў цябе́ да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе́ ка́ту, а кат ня ўкінуў бы цябе́ ў вязьніцу;
59 кажу-ж табе́: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасí і апошняга медзяка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.