1 Хрыстос навучае людзей з лодкі. 6 Палоў рыбы. 12 Пракажоны. 16 Маленьне Хрыста ў пустыні. 18 Спараліжаваны. 27 Левій мытнік. 34 Пасты й скрухі апаосталоў па Увазьнясеньні Хрыстовым. 36 Старыя латкі на адзеньні новым. 37 Віно новае у старыя мяхі ўліванае.
1 Было-ж тое, калі народ націскаўся да Яго, каб паслухаць Слова Божае, Ён стаяў пры возеры Генісарэцкім;
2 І ўбачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры, а рыбакі, выйшаўшы з іх, вымывалі сеці.
3 Увайшоўшы ў адну з тых лодак, якая была Сыманава, Ён прасіў яго адплысьці крыху ад берагу, і, сеўшы, навучыў народ з лодкі.
4 Калі-ж перастаў навучаць, сказаў Сымону: — адплыві на глыбіню, і закіньце сеці свае для лову.
5 Сыман-жа сказаў Яму ў адказ: — Вучыцель! цэлую ноч мы працавалі й нічога не злавілі, але на слова Тваё закіну сець.
6 І калі гэтае зрабілі, загарнулі такое мноства рыбы, што нават сець іх прарывалася.
7 І падалі знак сябрам, якія былі на другой лодцы, каб падыйшлі памагчы ім; і прыйшлі й напоўнілі абедзьве лодкі, аж яны сталі асаджвацца ў ваду.
8 Бачачы гэтае, Сыман-Пётра прыпаў да кален Ісусавых, кажучы: — адыйдзіся ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны.
9 Бо жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога мноства злоўленай рыбы.
10 Таксама й Якуба й Яна, сыноў Заведэевых, якія былі супольнікамі Сымана; і прамовіў да Сымона Ісус: — ня бойся, з гэтага часу будзеш лавіць чалавекаў.
11 І яны, выцягнуўшы на бераг абедзьве лодкі, пакінулі ўсё й пайшлі сьледам за Ім.
12 І было-ж, калі Ісус быў у адным месьце, вось чалавек увесь у струпох ад праказы, убачыўшы Ісуса, упаў прад Ім на аблічча сваё й прасіў Яго, кажучы: — Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
13 І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: — хачу, ачысьціся; і ўраз праказа зыйшла з яго.
14 І загадаў яму нікому не расказваць, але сказаў: — ідзі пакажыся сьвятару й прынясі ахвяру за ачышчэньне твае, як запавядаў Майсей, у сьветчаньне ім.
15 Але тымбалей пашыралася мова пра Яго, і зьбіраліся вялікія грамады людзей, слухаць і вылечвацца ад Яго з нядугаў сваіх.
16 Ён-жа адыйходзіў у пустынныя мясцы і маліўся.
17 Было-ж аднаго дня, калі Ён навучаў, і сядзелі там фарысеі й законавучыцелі, якія прыйшлі з местаў Галілейскіх, Юдэйскіх і з Ерусаліму, і сіла Гасподняя выяўлялася ў ацаленьні нядужных.
18 І вось прынясьлі людзі на пасьцелі спараліжаванага чалавека, і стараліся ўнесьці яго ў дом і палажыць прад Ісусам.
19 Але, не знайшоўшы праходу праз натоўп людзей, узьлезьлі на верх будыніны й праз стрэху спусьцілі яго з пасьцельлю ў сярэдзіну прад Ісуса.
20 Ён-жы, бачачы веру іхную, сказаў: — чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае.
21 Фарысеі-ж і кніжнікі разважалі ў сабе: — хто Ён такі, што гэтак блюзьнерыць? хто-ж можа адпушчаць грахі? — толькі Сам Бог.
22 Ісус, разумеючы помыслы іхныя, сказаў ім у адказ: — што вы разважаеце ў сэрцах вашых?
23 Што лепш сказаць: — адпушчаюцца табе грахі твае, ці сказаць — устань і йдзі?
24 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў Ён спараліжаванаму: — табе кажу — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой.
25 І той зараз-жа ўстаў, сабраў пасьцель, на якой ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26 І вялікае падзіўленьне абняло ўсіх, і славілі Бога; а, пранятыя страхам, гаварылі: — цудоўныя дзеі бачылі мы сёньня.
27 Пасьля гэтага Ісус, выйшаўшы, ўбачыў мытніка на імя Левій, які сядзеў на месцы мытнага збору, і кажа яму: — ідзі за Мною.
28 І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
29 І прыгатаваў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі.
30 Фарысеі й кніжнікі наракалі на іх, кажучы вучням Ягоным: чаму вы ясьце й п'яце з мытнікамі й грэшнікамі?
31 Ісус-жа сказаў ім у адказ: — не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
32 І ня прыйшоў Я клікаць да пакаяньня праведнікаў, але грэшнікаў.
33 Яны-ж сказалі Яму: — чаму вучні Янавы посьцяць часта й маляцца, а таксама й фарысейскія, а Твае ядуць і п'юць?
34 І Ён сказаў ім: ці можаце змусіць сыноў бяседы вясельнае пасьціць, пакуль з імі жаніх?
35 Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
36 Да гэтага сказаў ім прыпавесьць: — ніхто не прыстаўляе латкі з новае адзежыны да адзежыны старое; бо йначай, і новую падзярэ, і да старога не падойдзе новае.
37 І ніхто ня ўлівае віна новага ў мяхі старыя; бо іначай, маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі зьнішчацца.
38 Але новае віно трэба ўліваць у мяхі новыя, тады захаваецца й адно й другое.
39 І ніхто, піўшы старое віно, не захоча зараз-жа новага, бо кажа — старое лепшае.
Каментары ці зноскі:
12 упаў прад Ім на аблічча сваё — ці — упаў прад Ім ніцма.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Лукаша, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.