2 Бедная ўдава палажыла ў скарбонку дзьве лепты. 5 Пра разбурэньне храму. 8 У Ерусалиму. 9 Войны й паўстаньне. 25 Знаменьні перад прыйсьцем Сына Чалавечага. 34 Неабходна ўважаць, каб не абцяжваліся сэрцы. 36 Трэба быць чуйнымі.
1 І наглядаючы ў храме, убачыў, як багацеі кідалі ў скарбонку пашмат дароў.
2 І ўбачыў адну бедную ўдавіцу, якая ўкінула туды дзьве лепты.
3 І сказаў: папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца ўкінула больш за ўсіх.
4 Бо ўсе тыя ад збытку свайго клалі ахвяру Богу, яна-ж з беднасьці свае палажыла ўсё, што мела да пражытку свайго.
5 І калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што ўпрыгожана яна дарагімі каменьнямі і дарамі, Ён сказаў:
6 — Настануць дні, калі з усяго таго, што вы бачыце, не застанецца каменя на камені, якія ня былі-б разбураны.
7 І пыталіся ў Яго, кажучы: — Вычыцелю! калі-ж гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта павінна стацца?
8 Ён-жа сказаў: будзьце асьцярожнымі, каб ня ўпалі ў блуд, бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, кажучы — гэта Я, — і што — час ужо блізкі, — не хадзеце сьледам за імі.
9 Калі-ж пачуеце пра войны і забурэньні, не жахайцеся, бо гэта павінна стацца перш, але не адразу канец.
10 Тады сказаў ім: — паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства.
11 І пройдуць мясцамі вялікія землятрусы, і будуць галадоўлі і паморкі і жахлівыя зьявы; і будуць вялікія знаменьні з неба.
12 А перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць гнобіць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, і павядуць да каралеў і ўладцаў за імя Маё.
13 Прыдасца-ж гэта для дзеля сьвядоцтва вам.
14 Дык палажэце сабе на сэрца не абдумоўваць загадзя, што адказваць.
15 Бо Я дам вам у вусны выслаўленьні і мудрасьць, якой ня змогуць супярэчыць і супрацівіцца ўсе супраціўнікі вашыя.
16 Выдаваць-жа будуць вас і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і некаторых з вас усьмерцяць.
17 І зьненавідзяць вас усе за імя Маё.
18 Але і волас з галавы вашае не загіне.
19 Цярпеньнем вашым ухаваеце душы вашыя.
20 Калі-ж убачыце Ерусалім абложаны войскам, то ведайце, што надыйходзіць спусташэнне яго.
21 Тагды, хто у Юдэі, няхай бягуць у горы, а хто ў месьце, няхай выйходзіць з яго.
22 Бо тыя дні помсты, каб збылося напісанае.
23 Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі ў дні тыя, бо вялікае будзе прыгнечаньне на зямлі, і гнеў на народ гэты.
24 І падуць ад вастрыя мяча, і забраныя будуць у няволю да ўсіх народаў; і Ерусалім будзе тратаваны нявернікамі, пакуль ня скончацца часы няверных.
25 І будуць знаменьні на сонцы, і месяцы і зорках, а на зямлі скруха між народаў і роспач ад нечаканага ўсхваляваньня і рокату морскага.
26 І людзі будуць упадаць у зьнямогу ад страху і чаканьня няшчасьця сусьветнага, бо сілы нябесныя ўзрушацца.
27 Тады ўбачаць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках з сілаю і славаю вялікаю.
28 Калі-ж стане гэта збывацца, схамянецеся, і ўзьнімеце галовы вашыя, бо збліжаецца адкупленьне вашае.
29 І сказаў ім прыпавесьць: — глядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы.
30 Калі яны ўжо распускаюцца, то пабачыўшы, самі ведаеце, што ужо блізка лета.
31 Гэтак і вы: калі пабачыце пачатак падзеяў тых, ведайце, што збліжаецца Уладарства Божае.
32 Запраўды, кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё тое станецца.
33 Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
34 Трымайцеся-ж уважна, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся аб'яданьнем і п'янствам ды жыцьцёвымі турботамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзяванна.
35 Бо як сеткаю спадзе ён на ўсіх, якія жывуць на абліччы зямлі.
36 Дык чувайцеся усячасна і малецеся, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад усіх бедаў, што маюць прыйсьці, і каб стануць прад Сынам Чалавечым.
37 У дзень Ён навучаў у храме; калі-ж надыйходзіла ноч, Ён, выйходзячы, ішоў на гору, званаю Аліўная.
38 А ўвесь народ зранку прыйходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
Каментары ці зноскі:
1 кідалі — ці — клалі.
5 ўпрыгожана — ці — аздоблена.
5 дарамі — ці — дарункамі.
15 змогуць — ці — здолеюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Лукаша, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.