Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Лукі 21 Лукі 21 разьдзел

1 І, глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі ў скарбніцу свае дары.
2 І ўбачыў Ён адну бедную ўдаву, якая паклала туды дзве лепты,
3 і сказаў: Праўдзіва кажу вам: гэтая бедная ўдава паклала больш за ўсіх;
4 бо ўсе яны ад свайго збытку клалі ў дары [Богу], гэтая ж са сваёй нястачы паклала ўвесь пражытак, што мела.
5 І калі некаторыя казалі пра святыню, што яна аздоблена прыгожым каменнем і дарамі, Ён сказаў:
6 Прыйдуць дні, калі з таго, што бачыце, не астанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны.
7 І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта павінна адбыцца?
8 Ён жа сказаў: Глядзіце, каб не ўвялі вас у зман, бо шмат прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я» і «Час наблізіўся». Не ідзіце за імі.
9 А калі пачуеце пра войны і хваляванні, не жахайцеся: бо гэта павінна спярша адбыцца, але канец надыдзе не адразу.
10 Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ і царства на царства,
11 і будуць вялікія землятрусы і ў розных месцах голад і пошасці, і будуць жахі, і вялікія знакі з неба.
12 Але перад усім гэтым будуць накладаць на вас свае рукі і гнаць, перадаючы ў сінагогі і турмы, адводзячы да цароў і валадароў за Маё імя;
13 гэта будзе вам на сведчанне.
14 Дык пакладзіце ў сваіх сэрцах — не абдумываць, як абараняцца,
15 бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні супроцьстаяць, ні аспрэчыць усе вашы праціўнікі.
16 А будзе выдадзены і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, а некаторых з вас заб’юць,
17 і будуць вас усе ненавідзець за Маё імя.
18 Ды воласа з вашай галавы не прападзе.
19 Вашай стойкасцю вы здабудзеце вашы душы.
20 Калі ж убачыце Іерусалім, акружаны войскамі, тады ведайце, што наблізілася яго спусташэнне.
21 Тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў самім горадзе, няхай выходзяць, а хто ў ваколіцах — няхай не ўваходзіць у яго,
22 бо гэта дні адплаты, каб спраўдзілася ўсё напісанае.
23 Бяда тым цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікая галеча на зямлі і гнеў на гэты народ;
24 і ўпадуць ад вастрыя мяча і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы, і Іерусалім будуць таптаць язычнікі, дакуль не скончацца часы язычнікаў.
25 І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і роспач народаў на зямлі ў безвыходнасці ад шуму мора і хваляў,
26 калі людзі будуць непрытомнець ад страху і чакання таго, што надыходзіць на населеную зямлю, бо захістаюцца нябесныя сілы.
27 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаку з сілаю і вялікай славаю.
28 Калі ж гэта пачне збывацца, разагніцеся і ўзніміце вашы галовы, таму што набліжаецца ваша збавенне.
29 І Ён сказаў ім прыпавесць: Паглядзіце на фігавае дрэва і ўсе дрэвы:
30 калі яны ўжо распусціліся, то, бачачы гэта, вы самі пазнаяце, што ўжо блізка лета.
31 Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
32 Праўду кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як ўсё гэта збудзецца.
33 Неба і зямлі мінуць, а Мае словы не мінуць.
34 Асцерагайцеся ж, каб вашы сэрцы не абцяжваліся пахмеллем, п’янствам і жыццёвымі турботамі і каб не заспеў вас неспадзявана той дзень,
35 як пастка, бо ён прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.
36 Будзьце ж чуйныя ўвесь час, молячыся, каб вы змаглі ўнікнуць усяго гэтага, што мае адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.
37 І Ён удзень навучаў у святыні, а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, што завецца Аліўная;
38 і ўвесь народ прыходзіў вельмі рана да Яго ў святыню, каб слухаць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014