1 І ўстала ўсё мноства іх і павялі Яго да Пілата.
2 І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: Мы знайшлі, што Гэты чалавек разбэшчвае наш народ і забараняе даваць падатак кесару, і кажа, што Сам Ён Хрыстос, Цар.
3 І Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: Ці Ты Іудзейскі Цар? — Ён жа ў адказ сказаў яму: Ты кажаш.
4 І Пілат сказаў першасвятарам і натоўпам: Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, кажучы: Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
6 І Пілат, пачуўшы [пра Галілею], спытаўся: Хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
7 І, даведаўшыся, што Ён уладанняў Ірада, паслаў Яго да Ірада, які і сам быў у Іерусаліме ў гэтыя дні.
8 Ірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ён з даўняга часу хацеў убачыць Яго, таму што [шмат] чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, здзейснены Ім.
9 І задаваў Яму шмат пытанняў, ды Ён нічога не адказаў яму.
10 І стаялі першасвятары і кніжнікі, заўзята обвінавачваючы Яго.
11 Ірад жа са сваімі воінамі, зняважыўшыся Яго і наглуміўшыся, апрануў Яго ў бліскучыя шаты і адаслаў Яго да Пілата.
12 І ў той дзень Ірад і Пілат зрабіліся сябрамі між сабою; раней жа яны былі ў варажнечы адзін з адным.
13 Пілат жа, склікаўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: Вы прывялі да Мяне Гэтага Чалавека, нібы Ён падбухторвае народ, і вось я, перад вамі дапытаўшы, не знайшоў за Гэтым Чалавекам ніякай віны, у чым вы Яго абвінавачваеце.
15 І Ірад таксама, бо адаслаў Яго да нас55, і вось нічога, вартага смерці, Ён не зрабіў;
16 дык, пакараўшы Яго, адпушчу.
17 [А яму неабходна было адпусціць ім на свята аднаго вязня].
18 Яны ж закрычалі ўсе разам, кажучы: Забірай Гэтага56, а нам адпусці Вараву!
19 Той быў кінуты ў турму за нейкі бунт, што адбыўся ў горадзе, і за забойства.
20 І зноў Пілат усклікаў да іх, хочучы адпусціць Ісуса.
21 Яны ж крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй Яго!
22 А ён трэці раз сказаў ім: «Якое ж зло ўчыніў Гэты Чалавек? Ніякай смяроотнай віны я не знайшоў у Ім; дык, пакараўшы Яго, адпушчу.
23 Яны ж моцнымі галасамі настойвалі, патрабуючы, каб Яго ўкрыжаваць, і крыкі іх [і першасвятароў] адольвалі.
24 І Пілат вырашыў выканаць іх патрабаванне:
25 і адпусціць кінутага ў турму за бунт і забойства, таго, што прасілі яны, Ісуса ж аддаў на іх волю.
26 І калі яны павялі Яго, то, узяўшы аднаго кірэнца Сімана, што ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 А ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім.
28 І, павярнуўшыся да іх, Ісус сказаў: Дочкі Іерусалімскія, не плачце па Мне; а плачце па сабе і вашых дзецях,
29 бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: «Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі!»
30 Тады пачнуць казаць гарам: «Упадзіце на нас!» і ўзгоркам: «Пакрыйце нас!»
31 Бо калі гэта з сакаўным дрэвам робяць, то з сухім што будзе?
32 Вялі ж з Ім на смерць і двух іншых — злачынцаў, каб пакараць смерцю.
33 І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў; аднаго справа, а другога злева.
34 [Ісус жа сказаў: Татухна, даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць.] І, дзелячы між сабой Яго адзенне, кідалі жэраб.
35 І стаяў народ і глядзеў. Насміхаліся ж і начальнікі, кажучы: Ён іншых ратаваў, няхай выратуе Сам Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы Абраннік.
36 І здзекваліся з Яго і воіны, падыходзячы і падносячы Яму воцат
37 і кажучы: Калі Ты Іудзейскі Цар, уратуй Самога Сябе.
38 Быў жа і надпіс над Ім, [напісаны грэцкімі, рымскімі і яўрэйскімі літарамі]: «Гэта — Цар Іудзейскі».
39 А адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Хіба Ты не Месія? Уратуй Самога Сябе і нас.
40 У адказ жа другі, сунімаючы яго, сказаў: Ці ж не баішся ты Бога, бо той самы маеш прысуд.
41 І мы асуджаны справядліва, бо артымліваем заслужанае за зробленае; Гэты ж Чалавек нічога благога не зрабіў.
42 І ён казаў: Ісусе, успомні мяне57, калі Ты прыйдзеш у Царства Сваё.
43 І Ён58 сказаў яму: Праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у раі.
44 І было ўжо каля шостай гадзіны, і зрабілася цемра на ўсёй зямлі да дзевятай гадзіны,
45 бо сонца знікла59, а заслона ў храме разадралася пасярэдзіне.
46 І, усклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Татухна, у Твае рукі аддаю Мой дух! — І, сказаўшы гэта, выпусціў дух.
47 А сотнік, убачыўшы, што адбылося, услаўляў Бога, кажучы: Сапраўды Гэты Чалавек быў праведны.
48 І ўсе натоўпы, якія зышліся на гэтае відовішча, убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А ўсе Яго знаёмыя і жанчыны, што прыйшлі ўслед за Ім з Галілеі, стаялі здалёку, глядзелі на гэта.
50 І вось чалавек, імем Іосіф, член рады, чалавек добры і праведны —
51 гэты не згадзіўся ні з рашэннем, ні з учынкамі іх, — з Арымафеі, іудзейскага горада, што [і сам] чакаў Царства Божага,
52 гэты чалавек, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў Ісусава цела
53 і, зняўшы Яго, абгарнуў палатном і паклаў Яго ў магільні, высечанай у скале, дзе яшчэ ніколі ніхто не ляжаў.
54 А быў дзень Рыхтавання60, і наставаў шабас61.
55 І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, бачылі магільню і як было пакладзена Яго цела,
56 і, вярнуўшыся, нарыхтавалі духмянасцяў і міра. І ў суботу, паводле запаведзі, адпачывалі.
Каментары ці зноскі:
15 55: У некат. рукап.: я адаслаў Яго да яго.
18 56: Г. зн.: Смерць Яму.
42 57: У некат. рукап.: ён казаў Ісусу: Успомні мяне, Госпадзе.
43 58: У некат. рукап.: Ісус.
45 59: У некат. рукап.: пацямнела.
54 60: Г. зн. пятніца.
54 61: Г. зн. субота.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014