Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 23 Паводле Лукі 23 разьдзел

1 І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата.
2 І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом».
3 Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты — Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш».
4 І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку».
5 Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль».
6 А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці Гэты Чалавек галілеец,
7 і, калі даведаўся, што Ён з уладанняў Ірадавых, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме.
8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак.
9 І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў.
10 А першасвятары і кніжнікі стаялі там, вінавацячы Яго.
11 Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з жаўнерамі сваімі і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата.
12 І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой.
13 А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: «Вы выдалі мне Гэтага Чалавека, быццам Ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго;
15 таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да вас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці.
16 Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго».
17 А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго з вязняў.
18 Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу»,
19 а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства.
20 Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса,
21 але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
22 Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу».
23 Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і перамагаў гармідар іх і першасвятароў.
24 Тады Пілат прысудзіў выканаць іх просьбу:
25 адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю.
26 І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам.
27 Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі.
28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля дзяцей вашых,
29 бо, вось, надыходзяць дні, калі будуць казаць: “Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі”.
30 Тады стануць казаць гарам: “Валіцеся на нас”, і ўзгоркам: “Схавайце нас”,
31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?»
32 Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх.
33 І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.
34 Ісус жа казаў: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя.
35 І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраннік Божы».
36 Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат,
37 і кажучы: «Калі Ты — Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!»
38 І быў над Ім надпіс напісаны грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі літарамі: «Гэта Цар Юдэйскі».
39 А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваны, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты, не Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!»
40 А другі, адказваючы, сунімаў яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.
41 І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў».
42 І казаў Ісусу: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства».
43 І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
44 І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзявятай гадзіны,
45 і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне.
46 І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
47 Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты Чалавек быў сапраўды Справядлівы».
48 І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэта.
50 І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, —
51 ён не прымаў ўдзел у радзе іх і учынках, — з Арыматэі, горада юдэйскага, які і сам чакаў Валадарства Божага,
52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса,
53 і, зняўшы Яго, загарнуў Яго ў плашчаніцу і паклаў Яго ў магільне, высечанай у скале, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены.
54 І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота.
55 Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго,
56 і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017