Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 23 Паводля Лукаша 23 разьдзел

1 І, падняўшыся, усё мноства іх прывяло Яго да Пілата.
2 І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: (мы) знайшлі, што Ён зводзіць народ і забараняе плаціць падаткі кесару, называючы Сябе Хрыстом Каралём.
3 Пілат жа запытаў Яго, кажучы: Ты ёсьць Кароль жыдоў? Ён жа, адказаўшы яму, сказаў: ты кажаш.
4 І Пілат сказаў архірэям і народу: (я) ня знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, кажучы: (Ён) бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж да гэтага мейсца.
6 Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хíба Гэты Чалавек галілеяц?
7 І, даведаўшыся, што (Ён) з вобласьці падуладнай Гіраду, паслаў Яго да Гірада, які таксама ў гэтыя дні быў у Ярузаліме.
8 Гірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо на працягу доўгага часу (ён) хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго, і спадзяваўся ўбачыць цераз Яго які-небудзь знак.
9 І задаваў Яму шмат пытаньняў; але Ён нічога ня адказаў яму.
10 Стаялі ж архірэі і кніжнікі, зацята абвінавачваючы Яго.
11 Гірад жа з жаўнерамі сваімі, зьняважыўшы і наглуміўшыся над Ім, накінуўшы на Яго сьветлую вопратку, адаслаў Яго да Пілата.
12 І сталіся ў той дзень Пілат і Гірад паміж сабою прыяцелямі, бо раней (яны) былі між сабою ў варожасьці.
13 Пілат жа, склікаўшы архірэяў і начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта зводзіць народ; але я, вось, перад вамі расьсьледаваўшы, ня знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой (вы) абвінавачваеце Яго;
15 а таксама Гірад. Бо я паслаў вас да яго, і вось, нічога вартага сьмерці Ім ня зроблена.
16 Пагэтаму, зьбічаваўшы Яго, звольню.
17 Бо яму трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго (вязьня).
18 Але ўвесь натоўп моцна закрычаў, кажучы: забі Яго! А нам звольні Бараўву.
19 А той быў кінены ў вязьніцу за нейкі бунт, учынены ў месту, і забойства.
20 Ізноў Пілат, жадаючы вызваліць Ісуса, узвысіў голас.
21 Але яны крычалі, кажучы: укрыжуй! укрыжуй Яго!
22 І трэйці раз сказаў ён ім: якое ж зло зрабіў Ён? Ніякай віны сьмяротнай (я) ня знайшоў у Ім; дык зьбічаваўшы Яго, звольню.
23 Яны ж доўжылі моцна крычаць, патрабуючы Яго ўкрыжаваць. І перамаглі крыкі іхныя і архірэяў.
24 І Пілат прысудзіў зрабіць па патрабаваньню іхнаму.
25 І звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каторага яны прасілі. А Ісуса выдаў на іхную волю.
26 І калі павялі Яго, дык захапіўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж несьці ззаду за Ісусам.
27 І ўсьлед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыдалі і галасілі па Ім.
28 Павярнуўшыся ж да іх, Ісус сказаў: дочкі Ярузаліму! ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых.
29 Бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, якія ня нарадзілі, і пелькі, якія ня кармілі!
30 Тады пачнуць гаварыць го́рам: упадзіце на нас, і ўзгоркам: пакрыйце нас!
31 Бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца?
32 Вялі ж разам зь Ім і двух другіх, злачынцаў, каб пакараць сьмерцю.
33 І калі прыйшлі на мейсца, якое завецца «Чарэпнішча», там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага (боку), а другога зь левага.
34 Ісус жа казаў: Тата Мой! Даруй ім, бо (яны) ня ведаюць, што робяць. І тыя, што дзялілі вопраткі Ягоныя, кінулі жэрабя.
35 І стаяў народ, назіраючы. Насьміхаліся ж (зь Яго) разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых выратоўваў, няхай (жа) Сябе Самога выратуе, калі Ён Хрыстос, Божы абранец.
36 Таксама і жаўнеры глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат,
37 і кажучы: калі Ты Кароль жыдоў, выратуй Самога Сябе.
38 Быў жа і надпіс над Ім напісаны літарамі грэцкімі, і рымскімі, і жыдоўскімі: Гэты ёсьць Кароль жыдоў.
39 І адзін з павешаных ліхадзеяў зьняважаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, выратуй Сябе і нас.
40 Другі ж у адказ пярэчыў яму, кажучы: ці ня баішся ты Бога, бо сам засуджаны на тое ж?
41 І мы (засуджаны) справядліва, бо (мы) атрымліваем вартае нашых учынкаў. А Ён нічога благога ня зрабіў.
42 І казаў Ісусу: успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!
43 І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сягоньня разам са Мною будзеш у раю.
44 Было ж каля шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
45 І сонца было пакрыта цемрай, і завеса ў Сьвятыні была разарвана напалам.
46 І, загаласіўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Тата Мой! у Рукі Твае аддаю Дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў Дух.
47 А сотнік, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды Чалавек Гэты быў праведны.
48 І ўвесь народ, што сабраўся на гэтае відовішча, бачучы, што адбылося, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 Усе знаёмыя Ягоныя і жанчыны, якія прыйшлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль, гледзячы на гэтае.
50 І вось мужчына на імя Язэп, прыналежнік сынедрыёна, мужчына добры і праведны,
51 ён ня згадзіўся з сынедрыёнам і з учынкам іхным, — із Арыматэі, места юдэйскага, і ён таксама чакаў Валадарства Бога.
52 Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага;
53 і, зьняўшы Яго, абвіў Яго ў ільняное палатно і паклаў Яго ў магілу, высечаную ў скале, дзе яшчэ ніхто ня ляжаў.
54 А дзень (той) быў параскева, і надыходзіла субота.
55 А жанчыны, якія прыйшлі зь Ім з Галілеі, пайшлі і агледзілі і магілу, і як было пакладзена Цела Ягонае.
56 Вярнуўшыся ж яны прыгатавалі духмянасьці і масьці. І ў суботу засталіся ў спакоі паводля прыказаньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020