Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Лукаша 24 Паводля Лукаша 24 разьдзел

1 У першы ж дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя духмянасьці, прыйшлі (яны) да магілы, і разам зь імі нікаторыя (другія);
2 але знайшлі, што камень адвалены ад магілы.
3 І, увайшоўшы, ня знайшлі Цела Госпада Ісуса.
4 І сталася, як яны былі зьбянтэжанымі гэтым, і вось, двое мужчын у бліскучых вопратках сталі перад імі.
5 І калі яны спалохаліся, і нахілілі абліччы да зямлі, (тыя) сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6 Яго няма тут, бо Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён гаварыў вам, будучы яшчэ ў Галілеі,
7 кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць аддадзены ў рукі людзей грэшных і ўкрыжаваны, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
8 І ўспомнілі яны Словы Ягоныя.
9 І, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі аб гэтым усіх адзінаццацёх і ўсіх астатніх.
10 Былі ж (гэта) Марыля Магдаліна і Яана, і Марыля Якубава і другія разам зь імі, каторыя расказалі аб гэтым Апосталам.
11 І здаліся ім словы іхныя пустымі, і ня верылі ім.
12 Але Пётра, устаўшы, прыбег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць толькі ільняныя палотны, і пайшоў назад, зьдзіўляючыся сам у сабе са стаўшагася.
13 І вось у той жа дзень двое зь іх ішлі ў сяло, якое знаходзілася ў стадыях шасьцідзясяці ад Ярузаліму і называлася Эмаус.
14 І яны размаўлялі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
15 І сталася, як яны гутарылі ды разважалі між сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў разам зь імі.
16 Але вочы іх былі стрымліваемы, дык ня пазналі Яго.
17 (Ён) жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою, і чаго вы (такія) засмучоныя?
18 І, адказаўшы, адзін (зь іх), катораму імя Кляопа, сказаў Яму: Ты адзін з вандруючых у Ярузаліме і ня ведаў, што адбылося ў ім у гэтыя дні?
19 І сказаў ім: менавіта, што? Яны ж сказалі Яму: што адбылося з Ісусам Назарэям, Каторы быў Прарокам, моцным у справе і слове перад Богам і ўсім народам.
20 І як выдалі Яго нашыя архірэі і начальнікі на сьмяротны прысуд, і раскрыжавалі Яго.
21 А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што мае збавіць Ізраэля; але да ўсяго гэтага вось ужо трэйці дзень праходзіць сягоньня, як гэта сталася.
22 Але і нікаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: пабываўшы рана раніцай каля магілы,
23 і, ня знайшоўшы Цела Ягонага, прыйшлі (і) расказалі, (што) і зьяўленьне Ангелаў бачылі, каторыя кажуць, (што) Ён жывы;
24 і пайшлі нікаторыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны сказалі, але Яго ня ўбачылі.
25 І тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць усяму, што прадказалі Прарокі!
26 Ці ж ня гэтак належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсьці ў Славу Сваю?
27 І, пачаўшы ад Масея і ад усіх Прарокаў, тлумачыў ім па ўсіх Пісаньнях, што (напісана) адносна Яго.
28 І падыйшлі (яны) да таго сяла, куды ішлі; і Ён рабіў выгляд, што хоча ісьці далей;
29 але (яны) затрымалі Яго, сказаўшы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара. І Ён увайшоў, каб застацца разам зь імі.
30 І сталася: калі Ён узьляжаў разам зь імі, узяўшы хлеб, багаславіў і, паламаўшы, падаў ім.
31 І тады сталіся адчыненымі ў іх вочы, і (яны) пазналі Яго; але Ён стаўся для іх нябачны.
32 І яны сказалі адзін аднаму: ці ня гарэла ў нас сэрца нашае, калі (Ён) гаварыў да нас у дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньні?
33 І, устаўшы, у той жа час вярнуліся ў Ярузалім і знайшлі сабраных разам адзінаццаць, і тых, (што былі) зь імі,
34 якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрэшаны і быў з’яўлены Сымону.
35 І яны расказвалі, што (сталася) у дарозе, і як Ён быў пазнаны імі ў ламаньні хлеба.
36 Калі ж яны пра гэта гаварылі, Сам Ісус стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
37 Яны ж спалоханыя і ў жаху падумалі, (што) бачаць духа.
38 А Ён сказаў ім: чаму вы зьбянтэжаныя і чаму (такія) думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39 Паглядзіце на Рукі Мае і на Ногі Мае, бо (гэта) Сам Я Ёсьць; абмацайце Мяне і разгледзьце, бо дух цела і касьцей ня мае, што, як бачыце маю Я.
40 І, сказаўшы гэтае, паказаў ім Рукі і Ногі.
41 Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, (Ён) сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая ежа?
42 І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы і трохі сотавага мёду.
43 І, узяўшы, перад імі з’еў.
44 І сказаў ім: вось тыя словы, якія (Я) сказаў вам, калі яшчэ быў з вамі: павінна споўніцца ўсё напісанае ў Законе Масея і ў Прарокаў, і ў Псальмах пра Мяне.
45 Тады расчыніў ім розум дзеля разуменьня Пісаньняў.
46 І сказаў ім: так напісана і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень.
47 І быць прапаведаным у Імя Ягонае пакаяньню ды дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачаўшы ад Ярузаліму.
48 Вы ж ёсьць сьведкі гэтага.
49 І вось Я пасылаю абяцанае Бацькам Маім, на вас; вы ж застаньцеся ў месту Ярузаліме, пакуль ня будзеце прасякнуты сілаю з Вышыні.
50 І вывеў іх да Бітані, і, падняўшы Рукі Свае, багаславіў іх.
51 І сталася: як Ён багаслаўляў іх аддаліўся ад іх і (стаў) узносіцца на Неба.
52 І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ярузалім зь вялікаю радасьцю.
53 І былі ўсьцяж у Сьвятыні, хвалячы і багаслаўлючы Бога. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Лукаша Сьвятое Эвангельле, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020