Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 24 Паводле Лукі 24 разьдзел

1 А ў першы дзень тыдня на самым досвітку пайшлі яны і некаторыя з імі да магілы, несучы тыя духмянасці, што прыгатавалі.
2 І ўбачылі, што камень адвалены ад магілы,
3 і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
4 І сталася, калі былі збянтэжаны гэтым, вось, паўсталі перад імі двое мужоў у бліскучых шатах.
5 І, калі яны спалохаліся і схілілі твары свае да зямлі, сказалі ім: «Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых?
6 Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі,
7 кажучы: “Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшных людзей, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць”».
8 І яны прыпомнілі гэтыя словы Яго
9 і, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі гэта ўсё адзінаццаці ды ўсім іншым.
10 Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёана, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказалі пра гэта Апосталам.
11 І словы іх здаліся ім недарэчнасцю, і не паверылі ім.
12 Пётра ж, падняўшыся, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі адну плашчаніцу, што ляжала; і адышоў да сваіх, здзіўлены тым, што сталася.
13 І вось, у той самы дзень двое з іх ішлі ў вёску, што ў шасцідзясяці стадыях ад Ерузаліма, з назваю Эмаус,
14 і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.
15 І сталася, калі яны гутарылі і адзін аднаго пыталіся, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі;
16 а вочы іх былі зацемнены, так што не пазналі Яго.
17 І гаворыць ім: «Што гэта за размова, якую ведзяце між сабою, ідучы? І чаму вы сумныя?»
18 І, адказваючы, адзін з іх, імя якому Кляопа, сказаў Яму: «Ці ж ты адзін з падарожнікаў у Ерузалім і не ведаеш, што ў ім гэтымі днямі адбылося?»
19 Ён жа сказаў ім: «Што?» І яны сказалі Яму: «Наконт Ісуса з Назарэта, Які быў Прарокам, магутным у справе і ў слове перад Богам і перад усім народам,
20 і як выдалі Яго першасвятары і кіраўнікі нашы на пакаранне смерцю і ўкрыжавалі Яго.
21 А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля; і цяпер па ўсім гэтым ужо сёння трэці дзень, як гэта сталася.
22 Але і жанчыны некаторыя з нашых, што былі пры магіле на світанні, збянтэжылі нас,
23 і, не знайшоўшы цела Яго, прыйшлі, кажучы, што нават бачылі з’явенне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.
24 Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і тое самае знайшлі, як расказалі жанчыны, але Яго Самога не бачылі».
25 І Ён сказаў ім: «О неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што казалі прарокі.
26 Ці не гэта трэба было, каб Хрыстос цярпеў і ўвайшоў у славу Сваю?»
27 І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях, што было пра Яго.
28 І так падышлі да селішча, да якога ішлі, і Ён зрабіў выгляд, быццам хацеў ісці далей.
29 Але яны стрымалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень сышоў». І ўвайшоў Ён у дом каб застацца з імі.
30 І сталася, калі ўзлёг з імі за сталом, узяў хлеб, і дабраславіў, і ламаў, і падаваў ім.
31 І адкрыліся вочы іх, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх.
32 І сказалі яны адзін аднаму: «Ці ж сэрцы нашы не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісанне?»
33 І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі там адзінаццаць, што сабраліся разам, ды тых, што з імі былі,
34 кажучых: «Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сімону».
35 А яны пачалі расказваць, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламанні хлеба.
36 А калі яны гэта расказвалі, Ён Сам стаў пасярод іх і кажа ім: «Супакой вам».
37 А яны, устрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.
38 І сказаў Ён ім: «Чаго вы ўстрывожыліся ды чаму ўсякія думкі ўзнікаюць у вашых сэрцах?
39 Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я Сам! Дакраніцеся да Мяне і глядзіце, бо дух не мае цела, ані касцей, што, як бачыце, Я маю».
40 І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і ногі.
41 А калі яны яшчэ не верылі з радасці і дзівіліся, сказаў ім: «Ці маеце што есці?»
42 І яны падалі Яму частку сухой рыбы і пчаліных сотаў з мёдам.
43 І, узяўшы, еў у прысутнасці іх.
44 І сказаў ім: «Ці ж не такія былі словы, якія Я гаварыў вам, калі быў яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў законе Майсея, і ў прарокаў, і ў псальмах».
45 Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісанні.
46 Ды сказаў ім: «Так было напісана і так належала Хрысту цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
47 і каб у імя Яго прапаведавалася пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузаліма.
48 І вы — сведкі гэтага.
49 І вось, Я спашлю на вас абяцанае ад Айца Майго; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерузаліме, аж будзеце абдараваны моцай з вышыні».
50 Затым вывеў іх вонкі ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51 І сталася, калі дабраславіў іх, аддзяліўся ад іх і падняўся ў неба.
52 І яны пакланіліся Яму, і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалім,
53 і былі заўсёды ў святыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017