1 І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
2 Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
3 Сачыце за сабой! Калі брат твой зграшыў супраць цябе, дакары яго і, калі навернецца, даруй яму.
4 І, калі б сем разоў на дзень зграшыў адносна цябе і сем разоў на дзень звярнуўся да цябе, кажучы: “Каюся за гэта”, — даруй яму».
5 І сказалі Апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру».
6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: “Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора”, і яно паслухала б вас.
7 А хто з вас, маючы паслугача аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: “Ідзі хутчэй за стол”?
8 І ці не скажа: “Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць”?
9 Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана? Не думаю.
10 Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Паслугачы мы нічога не вартыя; што павінны былі зрабіць, зрабілі”».
11 І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
12 І калі ўваходзіў Ён у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк
13 і крычалі яны ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!»
14 Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся.
15 Адзін жа з іх, як агледзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
16 і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён самарыцянін.
17 І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?
18 Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?»
19 І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе».
20 І, запытаны фарысеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна
21 і не скажуць: “Вось тут” або: “Там”; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць».
22 І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце.
23 І скажуць вам: “Вось, тут”, “Вось, там”; не ідзіце і не шукайце.
24 Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25 Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем.
26 І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
27 елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.
28 Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29 аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх.
30 Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца.
31 У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.
32 Памятайце пра жонку Лота.
33 Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34 Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
35 і дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута.
36 І ўдвух будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты».
37 Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017