Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 2 Паводле Лукі 2 разьдзел

1 І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб перапісаць увесь свет.
2 Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадараннем Квірына ў Сірыі.
3 І ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Давідаў горад, які называўся Бэтлехэм, таму што быў з дому і роду Давідава,
5 каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная.
6 І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй.
7 І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.
8 У той ваколіцы былі пастухі на полі, якія пільнавалі і вартавалі ўночы пры сваім статку.
9 І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.
10 І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям:
11 сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.
12 Такі вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях».
13 Ды раптам з Анёлам з’явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы:
14 «Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой, людзям — добрая воля!»
15 І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх на неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадземце ў Бэтлехэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад».
16 І пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.
17 А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае.
18 І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі.
19 Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
21 І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Дзіця, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш чым Ён быў пачаты ва ўлонні.
22 І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па законе Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,
23 як напісана ў законе Госпада: «Кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячона Госпаду»,
24 ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы.
25 І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім.
26 Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава.
27 І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго,
28 ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
29 «Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі,
30 бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё,
31 якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў;
32 святло для прасвятлення паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».
33 Язэп жа і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі.
34 І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: «Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, якому будуць працівіцца,
35 і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў».
36 Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакалення Асэрава. Яна была на схіле дзён сваіх, ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,
37 і была ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях.
38 Яна, вось, прыйшоўшы ў тую пару, славіла Госпада і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме.
39 І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.
40 А Дзіця расло і ўмацоўвалася Духам, поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім.
41 І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі.
42 І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята,
43 і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Яго.
44 Думаючы, што Ісус ідзе сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых,
45 і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
46 І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх.
47 Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго.
48 І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: «Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе».
49 А Ён гаворыць ім: «Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
50 Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў.
51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы гэтыя ў Сваім сэрцы.
52 А Ісус сталеў мудрасцю, і гадамі, і ласкаю ў Бога і ў людзей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017