1 І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3.
2 Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній.
3 І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
4 І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага,
5 Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная.
6 І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй,
7 і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы.
8 А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак.
9 І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
10 І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу,
11 бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
12 І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях.
13 І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
14 Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля!
15 І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам.
16 І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях;
17 убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка.
18 І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
19 А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана.
21 І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні.
22 І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду,
23 Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду»,
24 і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят.
25 І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім;
26 і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
27 І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона,
28 і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў:
29 Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам;
30 бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне,
31 якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў;
32 святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля.
33 І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго.
34 І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
35 і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў.
36 І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
37 удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень.
38 І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма.
39 І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт.
40 А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім.
41 І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі.
42 І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята,
43 і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта.
44 Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых,
45 і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго.
46 І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
47 і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам.
48 І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе.
49 І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку?
50 Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім.
51 І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы.
52 А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.
Каментары ці зноскі:
1 3: Г. зн.: Рымскай імперыі.
33 4: У некат. рукап.: Іосіф і Яго Маці.
42 5: У некат. рукап.: у Іерусалім.
43 6: У некат. рукап.: Іосіф і Маці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014