1 А ў першы дзень тыдня на досвітку прыйшлі яны [і некаторыя з імі], несучы падрыхтаваныя духмянасці.
2 Але знайшлі, што камень адвалены ад магільні,
3 і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
4 І сталася: калі яны былі ў разгубленасці ад гэтага раптам паўсталі перад імі два чалавекі ў бліскучых шатах.
5 Калі ж яны, перапалоханыя, схілілі твары да зямлі, тыя сказалі ім: Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6 Яго тут няма, але Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён казаў вам, калі яшчэ быў Галілеі,
7 кажучы пра Сына Чалавечага, што Ён павінен быць выдадзеным у рукі грэшных людзей і быць укрыжаваным і на трэці дзень уваскрэснуць.
8 І яны ўспомнілі Яго словы.
9 І, вярнуўшыся ад магільні, паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім астатнім.
10 А былі Магдаліна Марыя, і Іаанна, і Марыя Іякава, і астатнія з імі. Яны расказалі гэта Апосталам,
11 і паказаліся ім нібы прыдумкаю гэтыя [іх] словы, і не паверылі ім.
12 Але Пётр, устаўшы, пабег да магільні і, нахіліўшыся, бачыць, [што ляжаць] адны кужэльныя палосы; і ён пайшоў назад, дзівячыся, што адбылося.
13 І вось два з іх у гэты самы дзень ішлі ў сяло, што ляжала шэсцьдзясят стадыяў ад Іерусаліма, і называлася Эмаус.
14 І яны размаўлялі між сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
15 І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі,
16 вочы ж іх былі стрмліваны, каб не пазнаць Яго.
17 І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы гутарыце між сабою ў дарозе? — І яны, сумныя, спыніліся62.
18 У адказ жа адзін, імем Кляопа, сказаў Яму: Ты хіба адзін прышлы ў Іерусаліме не ведаеш, што адбылося ў ім у гэтыя дні?
19 І спытаўся ў іх: Што ж такое? — Яны ж сказалі Яму: Ды з Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, магутны ў справе і ў слове перад Богам і ўсім народам;
20 і як выдалі Яго першасвятары і нашы начальнікі на смяротны прысуд і ўкрыжавалі Яго.
21 А мы спадзяваліся, што Ён Той, Які павінен вызваліць Ізраіля. А да ўсяго гэтага ідзе63 трэці дзень з таго часу, як гэта адбылося.
22 Але і некаторыя з нашых жанчын уразілі нас: пабываўшы раным рана каля магільні
23 і не знайшоўшы Яго цела, яны прыйшлі і сказалі, што бачылі і з’явенне Анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве.
24 І пайшлі некаторыя з нашых да магільні і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
25 І Ён сказаў ім: О, неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што сказалі прарокі!
26 Ці не гэта трэба было перацярпець Хрысту і ўвайсці ў Сваю славу?
27 І, пачаўшы ад Маісея і ад усіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях тое, што было пра Яго.
28 І наблізіліся яны да сяла, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што ідзе далей.
29 Але яны затрымлівалі Яго, кажучы: Застанься з намі, бо вечарэе і дзень ужо канчаецца. — І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
30 І сталася: калі Ён узлёг з імі, то, узяўшы хлеб, дабраславіў і, пераламаўшы, падаваў ім.
31 І ім адкрыліся вочы, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх.
32 І сказалі яны адзін аднаму: Ці не гарэла наша сэрца [ў нас], калі Ён казаў нам у дарозе, калі Ён раскрываў нам Пісанні?
33 І, устаўшы, у тую ж гадзіну яны вярнуліся ў Іерусалім і знайшлі ў зборы адзінаццаць Апосталаў і тых, што з імі,
34 якія казалі, што Госпад сапраўды быў уваскрэшаны і паказаў Сіману.
35 А яны расказвалі, што было ў дарозе, і як пазналі Яго ў пераламленні хлеба.
36 А калі яны казалі пра гэта, Ён64 Сам стаў сярод іх і кажа ім: Мір вам!
37 Яны ж, зжахнуўшыся і перапалохаўшыся, думалі, што бачаць духа.
38 І Ён сказаў ім: Чаго вы ўзрушыліся і чаму сумненні ўваходзяць у вашы сэрцы?
39 Паглядзіце на Мае рукі і Мае ногі: гэта Я Сам; памацайце Мяне і паглядзіце, бо дух не мае цела і касцей, Я ж, як бачыце, маю.
40 І, гэта сказаўшы, Ён паказаў ім рукі і ногі.
41 Калі ж яны ад радасці яшчэ не верылі і здзіўляліся, Ён сказаў ім: Ці ёсць у вас тут якая яда?
42 І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы; [і пчаліных сотаў].
43 І, узяўшы, перад імі з’еў.
44 І сказаў ім: Гэта Мае словы, што Я казаў вам, калі яшчэ быў з вамі: трэба, каб спраўдзілася ўсё, што напісана пра Мяне ў Маісеевым законе, і ў прарокаў, і псалмах.
45 Тады Ён адкрыў ім розум для зразумення Пісанняў;
46 І сказаў ім: Так напісана, што Хрыстос павінен адпакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
47 і каб Яго імем было абвешчана пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы з Іерусаліма.
48 Вы сведкі гэтаму.
49 І [вось] Я пасылаю абяцанае Маім Бацькам на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе [Іерусаліме] пакуль не ўмацуецеся65 сілаю з вышыні.
50 І Ён вывеў іх з горада да самай Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, добраславіў іх.
51 І сталася: калі добраслаўляў іх, Ён аддаліўся ад іх і быў узнесены ў неба.
52 І яны, упаўшы ніцма перад Ім, вярнуліся ў Іерусалім з вялікаю радасцю,
53 і былі заўсёды у святыні, [хвалячы і] добраслаўляючы Бога. [Амін].
Каментары ці зноскі:
17 62: У некат. рукап.: і вы сумныя.
21 63: У некат. рукап.: сёння.
36 64: У некат. рукап.: Ісус.
49 65: Літаральна: апраняцеся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014