1 І сталася: калі Ён прыйшоў у суботу ў дом аднаго з фарысейскіх начальнікаў з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
2 І вось перад Ім быў адзін чалавек, хворы на вадзянку.
3 І, азваўшыся, Ісус спытаўся ў законнікаў і фарысеяў, кажучы: Ці дазваляецца вылечваць у суботу ці не?
4 Яны ж змаўчалі. І, дакрануўшыся да хворага, Ён вылечыў яго і адпусціў.
5 А ім Ён сказаў: Хіба хто з вас, у каго сын36 або вол уваліцца ў студню, не выцягне яго зразу ж, у суботні дзень?
6 І яны не змаглі адказаць на гэта.
7 І казаў Ён запрошаным прыпавесць, бо заўважыў, як яны выбіралі сабе першыя месцы, і сказаў ім:
8 Калі хто запросіць цябе на вяселле, не ўзлягай на першае месца; каб часам хто важнейшы за цябе не быў запрошаны ім
9 і не прыйшоў бы той, хто паклікаў цябе і яго, і не сказаў табе: «Дай яму месца», і тады ты з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
10 Але калі запросяць, пайдзі і ўзляж на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, прыйшоўшы, сказаў табе: «Дружа, падыміся вышэй»; тады табе будзе гонар перад усімі, хто з табою ўзлягае.
11 Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
12 Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: Калі спраўляеш абед ці вячэру, не кліч сваіх сяброў, ні сваіх братоў, ні сваіх сваякоў, ні багатых суседзяў, каб і яны не паклікалі ў адказ цябе і не была табе аддзяка.
13 Але калі спраўляеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых;
14 і будзеш шчаслівы, бо яны не маюць чым адплаціць табе, табе ж будзе адплачана пры ўваскрэсенні праведных.
15 І адзін з тых, што ўзляглі, пачуўшы гэта, сказаў Яму: Шчаслівы той, хто будзе есці хлеб у Царстве Божым!
16 Ён жа сказаў яму: Адзін чалавек спраўляў вялікую вялікую вячэру і запрасіў многіх
17 і паслаў свайго слугу ў час вячэры сказаць запрошаным: «Прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова».
18 І пачалі яны ўсе да аднаго прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: Я купіў поле і павінен пайсці паглядзець, яго; прашу цябе, прабач мне.
19 І другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
20 І іншы сказаў: Я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
21 І, прыйшоўшы, [той] слуга расказаў гэта свайму гаспадару. Тады, разгневаўшыся, сказаў гаспадар дома свайму слузе: Выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых.
22 І слуга сказаў: Гаспадару, зроблена, як ты загадаў, і яшчэ ёсць месца.
23 і сказаў гаспадар слузе: Выйдзі на дарогі і на загароды, і змусь людзей прыйсці, каб напоўніўся мой дом;
24 бо кажу я вам, што ніводзін з тых запрошаных мужоў не пакаштуе маёй вячэры. [Бо шмат пакліканых, ды выбраных мала].
25 Ішлі ж з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
26 Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць свайго бацьку і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а яшчэ і жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
27 Хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
28 Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, не сядзе спярша і не падлічыць выдаткаў: ці мае на завяршэнне?
29 Каб, калі ён закладзе падмурак, але не зможа дакончыць, усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго.
30 кажучы: «Гэты чалавек пачаў будаваць, а не змог дакончыць».
31 Або які цар, ідучы на вайну супроць другога цара, перш не сядзе і не абдумае, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
32 Калі ж не, то пакуль той яшчэ далёка, ён, паслаўшы пасольства, просіць аб умовах міру.
33 Гэтак і кожны з вас, калі не адмовіцца ад усёй сваёй маёмасці, не можа быць Маім вучнем.
34 Вядома, соль — добрая; але калі і соль будзе абяссоленая, чым прыправіць?
35 І ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная; яе вон выкідваюць. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Каментары ці зноскі:
5 36: У некат. рукап.: асёл.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014