1 І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад.
2 І вось, чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым.
3 Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту.
4 Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць.
5 І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх убачыў яго ды сказаў: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме».
6 Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю.
7 І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці».
8 Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш».
9 Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама.
10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым».
11 Калі яны гэта слухалі, у дадатак расказаў для параўнання, бо Ён быў блізка да Ерузаліма, і яны думалі, што ўжо хутка аб’явіцца Валадарства Божае.
12 Дык расказваў: «Адзін знатны чалавек выправіўся ў далёкую краіну атрымаць сабе царства і вярнуцца.
13 Дык, пазваўшы дзесяць сваіх паслугачоў, даў ім дзесяць мін ды гаворыць ім: “Гандлюйце, пакуль не вярнуся”.
14 А грамадзяне яго ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланнікаў, кажучы: “Не хочам, каб ён валадарыў над намі”.
15 І сталася, калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то загадаў паклікаць да сябе тых паслугачоў, якім даў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны набыў.
16 І прыйшоў першы, кажучы: “Гаспадару, міна твая здабыла дзесяць мін”.
17 І гаворыць яму: “Добра, паслугач добры; за тое, што ў малым быў ты верны, май уладу над дзесяццю гарадамі”.
18 Затым прыйшоў другі, кажучы: “Гаспадару, міна твая стварыла пяць мін”.
19 І гаворыць яму: “І ты будзь над пяццю гарадамі”.
20 І трэці прыйшоў, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я захоўваў, закруціўшы ў хустку,
21 бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не паклаў, ды жнеш, чаго не пасеяў”.
22 Кажа яму: “Па словах тваіх суджу цябе, нягодны паслугач! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго не паклаў, ды жну, чаго не пасеяў.
23 Чаму ж ты грошай маіх не аддаў мяняльшчыкам, каб, прыйшоўшы, я запатрабаваў іх з прыбыткам?”
24 І сказаў прысутным: “Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін”.
25 І сказалі яму: “Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!”
26 Дык кажу вам: “Кожнаму, хто мае, будзе дададзена і памножыцца, а у таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
27 А тых ворагаў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі валадарыў, прывядзіце сюды ды забіце перада мною”».
28 І, гэта сказаўшы, пакрочыў Ён далей, падыходзячы да Ерузаліма.
29 І сталася, калі набліжаўся Ён да Бэтфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў Сваіх,
30 кажучы: «Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў; адвяжыце яго і прывядзіце.
31 І калі ў вас хто спытаецца: “Чаму адвязваеце?”, скажаце яму так: “Госпад яго патрабуе”.
32 Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі, як сказаў ім Ён.
33 Калі яны адвязвалі, гаспадары яго сказалі ім: “Чаму адвязваеце асляня?”
34 Яны сказалі: “Госпад яго патрабуе”».
35 І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асляня адзенне сваё, пасадзілі на яго Ісуса.
36 А калі ехаў Ён, пасцілалі адзенне сваё на дарозе.
37 І, калі набліжаліся да спуску з гары Аліўнай, пачалі ўсе натоўпы вучняў радасна хваліць Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,
38 кажучы: «Дабраславёны Валадар, Які прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!»
39 Пасярод натоўпу некаторыя з фарысеяў казалі Яму: «Вучыцель, дакары вучняў Тваіх».
40 І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам: калі яны замоўкнуць, камяні крычаць будуць».
41 І, калі Ісус наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў аб ім,
42 кажучы: «Калі б спазнаў і ты ў гэты твой дзень, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.
43 Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сціснуць цябе зусюль,
44 і паваляць цябе на зямлю і дзяцей тваіх, якія ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх».
45 І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць тых, што прадавалі і куплялі,
46 кажучы ім: «Напісана: “І будзе дом Мой домам малітвы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
47 Ды штодзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народа шукалі, як бы Яго забіць,
48 але не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ быў у захапленні, слухаючы Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017