1 Таксама расказваў ім прыпавесць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,
2 кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і не саромеўся людзей.
3 Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад майго супраціўніка”.
4 А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго сказаў сам у сабе: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную,
5 аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”».
6 Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;
7 а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?
8 Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, прыйшоўшы, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?»
9 Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:
10 «Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарысей, а другі — мытнік.
11 Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
12 Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
13 А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага”.
14 Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў больш апраўданым, чым той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны».
15 Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні забаранялі ім.
16 Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае.
17 Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
19 А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін толькі Бог.
20 Ведаеш прыказанні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю?»
21 А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства майго».
22 Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Яшчэ аднаго табе не хапае: прадай усё тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
23 Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
24 Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае!
25 Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
26 Дык сказалі тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?»
27 Ён жа сказаў: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога».
28 Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
29 Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
30 каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае».
31 І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць, і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага:
32 бо будзе выдадзены паганам і высмеяны, і зняважаны ды апляваны,
33 і, пасля таго, як убічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне».
34 Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і гэтае слова было схавана ад іх, і не разумелі, што гаварылася.
35 І сталася, калі Ён падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
36 І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое.
37 І сказалі яму: «Ісус Назарэй праходзіць».
38 Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!»
39 А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!»
40 Спыніўшыся, Ісус загадаў прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго кажучы:
41 «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў».
42 Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе».
43 І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017