Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Лукі 13 Паводле Лукі 13 разьдзел

1 У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
2 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі?
3 Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.
4 Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме?
5 Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце».
6 Затым казаў ім гэтую прыпавесць: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.
7 Дык сказаў вінаградару: “Вось, ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?”
8 А той, адказваючы, гаворыць яму: “Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,
9 можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго”».
10 І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу.
11 І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы, была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх.
12 Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы»,
13 і ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і славіла Бога.
14 Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы».
15 А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць?
16 А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая шатанам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?»
17 Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго.
18 Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
19 Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя гняздзіліся на яго галінах».
20 І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
21 Яно падобна да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё».
22 І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім.
23 І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім:
24 «Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць.
25 Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам”; і Ён, адказваючы, скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.
26 Тады пачнеце гаварыць: “Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах”;
27 але Ён скажа: “ Кажу вам, не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне”.
28 Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.
29 Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым.
30 І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».
31 У той самы час падышлі да Яго некалькі фарысеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».
32 Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу”.
33 Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам.
34 Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланы, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але вы не захацелі.
35 Вось, застанецца вам дом ваш пусты”. Сапраўды кажу вам: “Не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017