1 Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
2 лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
3 Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
4 і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
5 І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
6 Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
7 Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
8 Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
9 Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
10 Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
11 Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
12 І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
13 і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
14 Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
15 А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
16 і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
17 Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
18 як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
19 І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
20 А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
21 і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
22 Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
23 і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
24 бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25 Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
26 І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27 елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
28 Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29 але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
30 так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
31 У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
32 успамінайце жонку Лотаву.
33 Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34 Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
35 дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
36 двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
37 На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002