Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Лукі 23 Паводле Лукі 23 разьдзел

Езус перад Пілатам

1 Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата.
2 Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія, кароль».
3 Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш».
4 Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку».
5 Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»
Езус перад Ірадам

6 Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец?
7 Даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме.
8 Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак.
9 Задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў.
10 А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго.
11 Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата.
12 У той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.
Езус ізноў перад Пілатам

13 Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей,
14 сказаў ім: «Вы прывялі да мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце.
15 Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці.
16 Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго».
17 [отсутсвует]
18 Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!»
19 Бараба ж быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.
20 Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса.
21 Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
22 Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго».
23 Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў.
24 Тады Пілат вырашыў споўніць іх просьбу.
25 Таму адпусціў ім кінутага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.
Крыжовы шлях

26 Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
27 Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
28 А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых,
29 бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!”
30 Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!”
31 Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
32 Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.
Укрыжаванне Езуса

33 Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку.
34 А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы.
35 А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!»
36 Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат,
37 кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!»
38 І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі».
39 Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!»
40 Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару?
41 Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў».
42 І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства».
43 А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
Смерць Езуса

44 Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
45 Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне.
46 А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
47 Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы!»
48 І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.
Пахаванне

50 І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, член Сінэдрыёну, муж добры і справядлівы,
51 які не згаджаўся з яго пастановай і ўчынкамі і чакаў Валадарства Божага,
52 прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса.
53 Зняўшы, захінуў яго ў палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны.
54 Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат.
55 Ішлі разам таксама жанчыны, якія прыбылі з Езусам з Галілеі, і яны бачылі магілу, і як было пакладзена цела Ягонае.
56 Вярнуўшыся, яны прыгатавалі духмянасці і міра. І ў гэты шабат адпачывалі паводле запаведзі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Лукі, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019