Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 да Цімафея 1 1-е пасланне да Цімафея 1 разьдзел

Прывітанне

1 Павел, апостал Езуса Хрыста паводле загаду Бога, нашага Збаўцы, і Езуса Хрыста, нашай надзеі, —
2 Цімафею, сапраўднаму дзіцяці ў веры: ласка, міласэрнасць і спакой ад Бога Айца і Пана нашага Езуса Хрыста.
Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі

3 Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб ты забараніў некаторым навучаць іншаму,
4 а таксама займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць Божаму настаўленню ў веры.
5 Мэта ж настаўлення — гэта любоў з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры.
6 Некаторыя адвярнуліся ад гэтага і звярнуліся да пустаслоўя,
7 хочучы быць настаўнікамі Закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
Сапраўдная роля Закону

8 Мы ведаем, што Закон добры, калі хто ім разумна карыстаецца,
9 ведаючы, што Закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і блюзнерцаў, бацьказабойцаў, мацізабойцаў і чалавеказабойцаў,
10 распуснікаў, мужаложнікаў, для гандляроў людзьмі, падманшчыкаў, ілжэсведкаў і для ўсіх тых, хто пярэчыць здароваму вучэнню,
11 згоднаму з Евангеллем, якое ёсць хвалой благаслаўлёнага Бога і якое даручана мне.
Падзяка Паўла за пакліканне

12 Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы сабе на служэнне,
13 хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і.
14 Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.
15 Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
16 Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць у Яго дзеля жыцця вечнага.
17 Валадару вякоў, незнішчальнаму, нябачнаму і адзінаму Богу — пашана і слава на векі вечныя. Амэн.
Заданне Цімафея

18 Гэты наказ даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры барацьбіт,
19 маючы веру і чыстае сумленне, якое некаторыя адкінулі і згубілі веру.
20 Сярод іх Гіменэй і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб адвучыліся блюзнерыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне да Цімафея, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019