Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 Пятра 1 1-е пасланне Пятра 1 разьдзел

Прывітанне

1 Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападоцыі, Азіі і Бітыніі, выбраным
2 паводле прадбачання Бога Айца і асвячаныму Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.
Падзяка за ласку збаўлення

3 Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста,
4 да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас,
5 умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час.
6 Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў,
7 каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста.
8 Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю,
9 дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.
10 Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку.
11 Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага.
12 Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.
Пакліканне да святасці

13 Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста.
14 Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання,
15 але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых.
16 Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы».
17 Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ягоных учынкаў, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання,
18 ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі,
19 але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка.
20 Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
21 што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
22 Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,
23 бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае.
24 Таму што ўсякае цела — быццам трава, а ўся слава яго — быццам цвет травы: трава завяла — і апаўцвет.
25 А слова Пана трывае навекі.
І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне святога Пятра, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019