Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 Пятра 4 1-е пасланне Пятра 4 разьдзел

Паступаць як слугі Божыя

1 Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом,
2 каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для Божай волі.
3 Хопіць і ранейшага часу, калі вы спаўнялі волю язычнікаў, жылі ў распусце, пажадлівасці, п’янстве, гулянках, п’янках і нягодным ідалапаклонстве.
4 Яны і здзіўляюцца, што вы не занураецеся разам з імі ў адну плынь распусты, і зневажаюць вас.
5 Яны здадуць справаздачу таму, хто гатовы судзіць жывых і памерлых.
6 Бо для таго і мёртвым было абвешчана Евангелле, каб яны падлеглі суду як людзі ў целе, а жылі паводле Божага духу.
7 Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца.
8 Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў.
9 Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў.
10 Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў.
11 Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на векі вечныя. Амэн.
Радасць у выпрабаваннях

12 Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля вашага выпрабавання, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае.
13 Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення Яго славы вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся.
14 Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас.
15 Таму няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец, або як сквапны да чужога.
16 Калі ж нехта церпіць як хрысціянін, няхай не саромееца, але праслаўляе Бога за гэта імя.
17 Бо ўжо час, каб распачаўся суд з Божага дому. Калі ж ён распачнецца з нас, дык які будзе канец тых, хто не слухаецца Божага Евангелля?
18 «І калі праведнік з цяжкасцю атрымае збаўленне, дзе апынуцца бязбожнік і грэшнік?»
19 Дык няхай тыя, хто церпіць з волі Бога, давераць Яму як вернаму Стварыцелю свае душы, робячы дабро.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае пасланне святога Пятра, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019