1 Пятра 4 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом,
каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для Божай волі.
Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
Хопіць і ранейшага часу, калі вы спаўнялі волю язычнікаў, жылі ў распусце, пажадлівасці, п’янстве, гулянках, п’янках і нягодным ідалапаклонстве.
таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
Яны і здзіўляюцца, што вы не занураецеся разам з імі ў адну плынь распусты, і зневажаюць вас.
яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
Яны здадуць справаздачу таму, хто гатовы судзіць жывых і памерлых.
Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
Бо для таго і мёртвым было абвешчана Евангелле, каб яны падлеглі суду як людзі ў целе, а жылі паводле Божага духу.
Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца.
А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў.
будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў.
служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў.
Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на векі вечныя. Амэн.
Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля вашага выпрабавання, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае.
але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення Яго славы вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся.
Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас.
Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
Таму няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец, або як сквапны да чужога.
а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
Калі ж нехта церпіць як хрысціянін, няхай не саромееца, але праслаўляе Бога за гэта імя.
Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
Бо ўжо час, каб распачаўся суд з Божага дому. Калі ж ён распачнецца з нас, дык які будзе канец тых, хто не слухаецца Божага Евангелля?
І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
«І калі праведнік з цяжкасцю атрымае збаўленне, дзе апынуцца бязбожнік і грэшнік?»
Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.
Дык няхай тыя, хто церпіць з волі Бога, давераць Яму як вернаму Стварыцелю свае душы, робячы дабро.